скачать рефераты

скачать рефераты

 
 
скачать рефераты скачать рефераты

Меню

Беларуская мова скачать рефераты

/b>

Часам бывае цяжка вызначыць адносіны паміж часткамі складанага бяззлучнікавага сказа, яны "падыходзяць" адразу пад некалькі пунктаў правіла.

Калі пры напісанні дыктанта межы сказаў вызначаюцца даволі выразна і інтанацыя экзаменатара адпавядае пэўнаму знаку прыпынку, дакладнасць у пастаноўцы знакаў прыпынку амаль абавязковая. Абітурыент, які піша пераказ, па сутнасці, сам будуе сказы і, значыць, вызначае адносіны паміж імі; таму ў такіх выпадках пунктуацыйная варыянтнасць больш верагодна. Аднак трэба памятаць адно: любы знак прыпынку павінен тлумачыцца правіламі сучаснай пунктуацыі, інакш ён лічыцца памылковым.

Практыкаванне 51. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку паміж прэдыкатыўнымі часткамі бяззлучнікавых складаных сказаў.

1. Кавалкамі чыстага неба сінеюць азёры, грознымі вартавымі стаяць вячыстыя дубы на лугах. 2. Свяціў месяц, блішчалі зоры. 3. Алесь не спіць - ён у трывозе. 4. Каса не косіць - каса брые. 5. У гэты дзень зямля спявала, калоссе морам зашумела, ясней і сонца нам заззяла, грамчэй і песня зазвінела. 6. Белыя хмаркі над намі гулялі, беглі ў няведамы край, чыстыя росы, як срэбра, блішчалі, гоманам поўніўся гай…

Практыкаванне 52. Спішыце бяззлучнікавыя складаныя сказы і пастаўце знакі прыпынку паміж іх прэдыкатыўнымі часткамі.

1. Сонца грэе прыпякае лёд на рэчцы затрашчаў. 2. Цярэшка глядзіць у акно дахі дамоў абтрушаны снегам. 3. Мне бачна Полацк не старэе ён маладзее з кожным днём. 4. Радасна і шумна шалясцяць асіны радасна і шумна шалясцяць дубы. 5. Цяперашняе жыццё не павінна спыняцца на адным месцы яно мусіць вярцецца віраваць бегчы наперад. 6. Высока зоры ружавеюць лятуць буслы пад шляхам Млечным з лагчыны цёплы вецер вее над пожняй ціхі летні вечар. 7. Кране рукой рабіны куст звон чуецца рабінавы кране яна каліны куст звон чуецца калінавы.

28.3 Знакі прыпынку ў складаным сказе з рознымі відамі сувязі (камбінаваным сказе)

У камбінаваных сказах знакі прыпынку ставяцца на аснове агульных правіл і залежаць ад тыпу сувязі і сэнсавых адносін паміж часткамі.

Прааналізуйце: Цяпер буслы лёталі па чарзе: адзін ляцеў на здабыткі, а другі аставаўся вартаваць гняздо, каб вецер не сарваў яго. Адны плацілі акуратна, другія цягнулі бог ведае колькі, і мы ніяк не маглі пазбавіцца ад даўжнікоў. Ніхто не мае права залазіць у чужую душу, асабліва калі не ўпэўнены, што яго словы будуць лекамі.

Коска не ставіцца паміж двума сказамі, звязанымі спалучальнымі злучнікамі, калі гэтыя сказы:

а) маюць адну (агульную) даданую частку: У яго так балела галава і гарэлі вочы, што сон не прыходзіў. Вяселле працягвалася і госці не разыходзіліся, бо было яшчэ рана;

б) адносяцца да агульнай часткі, звязанай з імі бяззлучнікавай сувяззю: Можна было падумаць: зямля варушыцца і моцна ўздыхае ад зімовага сну прырода. І не было на кажуху ні аднаго жывога месца - так застракацілі яго белыя і чорныя плямы і так патыкала яго іголка.

Пры збегу двух злучнікаў (злучальнага і падрадкавальнага) коска паміж імі ставіцца, калі далей няма другой часткі падпарадкавальнага злучніка (то, дык), і не ставіцца, калі яна ёсць. Параўнайце:

1. Пот заліваў вочы, але, каб не выдаць сваёй слабасці, хлопец не кідаў вёслаў. 2. Вецер гнаў па небе абрыўкі хмар, і, калі месяц хаваўся за імі, рабілася цёмна.

У дзеда Талаша было многа розных праектаў, але паколькі гэта справа мела грамадскі характар, то дзед палічыў болей правільным перадаць яе на вырашэнне грамады.

Практыкаванне 53. Растлумачце пастаноўку знакаў прыпынку паміж прэдыкатыўнымі часткамі складаных сказаў камбінаванай будовы.

1. Часам крылы ветрака круціліся, і мне здавалася, што ён махае рукамі, нібы некага кліча. 2. У хвойніку было ціха, толькі час ад часу крыкне варона, шарахнецца заяц. 3.Ужо ўзышоўшы на двор, Драздовіч заўважыў, што перамяніўся напрамак ветру, значыць, не мінуць навальніцы. 4. Цяпер зноў чуваць, як чахкае сякера: дзядзька цярэбіць на зваленым дрэве галлё…

Практыкаванне 54. Вызначце тып прэдыкатыўных частак у складаных сказах камбінаванай будовы і пастаўце патрэбныя знакі прыпынку.

1. Люблю той лес што над табою высока ўзняў свае камлі яго ж карэнні над вадою нібы вянок табе сплялі…2. Сцёпка ведае як называецца станцыя але яму трэба разгаварыцца з хлапчукамі каб дазнацца таго што цікавіла яго цяпер. 3. Высокія хвалі білі ў бераг усё часцей і часцей па ўсяму відаць было што хутка пачнецца шторм. 4. Там дзе праходзіць дарога скрыпяць калёсы чуваць людскія галасы. 5. Ужо хата новая гатова прыбраны трэскі ўжо і дровы над белым дахам як карона красуе комінак чырвоны прыветна вокны пазіраюць бы вас у госці запрашаюць ну добры выгляд хата мае…

§ 29. ПРОСТАЯ МОВА

29.1 Знакі прыпынку ў сказах з простай мовай

Пастаноўка знакаў прыпынку ў сказах з простай мовай (далей - ПМ) залежыць ад месца слоў аўтара (перад простай мовай, пасля яе, у сярэдзіне), а таксама ад таго, выказаная простая мова ці нявыказаная.

Выказаная простая мова перадае словы, якія былі выказаны ўслых. У словах аўтара могуць быць дзеясловы са значэннем маўлення тыпу сказаў, прамовіў, выказаў думку і пад.

Нявыказаная простая мова перадае словы, што не былі выказаны, таму ў словах аўтара ўжываюцца дзеясловы са значэннем думкі тыпу падумаў, падумалася, успомнілася і пад. або словы напісаў, прачытаў.

У афармленні на пісьме выказанай і нявыказанай простай мовы шмат агульнага, аднак трэба памятаць: нявыказаная ПМ заўсёды бярэцца ў двукоссе, а выказаная пішацца найчасцей з абзаца, перад якім ставіцца працяжнік, і ў двукоссе не бярэцца. Пасля выказанай простай мовы новы сказ звычайна пішацца з чырвонага радка.

1. Простая мова пасля слоў аўтара

Нявыказаная простая мова

Выказаная простая мова

А: “П”. / А: “П!”. / А: “П”?

А: або А: або А:

- П. - П! - П?

Падумаў Сцяпан: “Старэю ўжо, а жыцця людскага яшчэ не бачыў”.

Вера Мікалаеўна сказала:

- Мыйце рукі і садзіцеся за стол.

2. Простая мова перад словамі аўтара

“П”, - а. / “П!” - а. / “П?” - а.

- П, - а. ці - П! - а. ці - П? - а.

“Куды ж ён пайшоў?” - карцела пытанне ў Аўгінінай галаве.

- Што ты, Саўка, бунтуеш? - звярнуўся да яго войт.

3. Словы аўтара могуць разрываць простую мову.

Калі словы аўтара разрываюць ПМ там, дзе стаяла кропка, пытальнік або клічнік, сказ афармляецца наступным чынам:

“П, - а. - П”.

- П, - а. - П

“П! - а. - П”.

П! - а. - П.

“П? - а. - П”.

- П? - а. - П.

Прааналізуйце:

Без слоў аўтара

Са словамі аўтара

1. - Добры дзень, дзяўчаткі. Хоць я вас і першы раз бачу, але ўжо люблю вас за тое, што вы сябруеце з маёй Насцечкай.

1. - Добры дзень, дзяўчаткі, - сказала мама. - Хоць я вас і першы раз бачу, але ўжо люблю вас за тое, што вы сябруеце з маёй Насцечкай.

2. - Ну, а як тваё прозвішча? Скажы нам усім.

2. - Ну, а як тваё прозвішча? - пытае Ганьку настаўнік. - Скажы нам усім.

3. - Ну, дачушка, у шчаслівы пуць!

3. - Ну, дачушка, - бацька кажа, - у шчаслівы пуць!

4. “Будзе дожджык: дым пайшоў наніз”.

4. “Будзе дожджык, - шэпча жыта, - дым пайшоў наніз”.

4. Калі ў словах аўтара ёсць два дзеясловы са значэннем маўлення, думкі і адзін з іх адносіцца да першай часткі, а другі - да наступнай, паказваючы на працяг простай мовы, то на пісьме такі сказ афармляецца наступным чынам:

- Ведаеш, мамачка, каго я прывяла? - весела сказала дачка і таемна прашаптала: Гэта той самы госць, якога мы калісьці ратавалі ад немцаў.

“П, - а і а: - П”, - П, - а і а: - П.

5. Калі ПМ знаходзіцца ў сярэдзіне слоў аўтара (яна называецца ўключанай простай мовай), то перад ёй ставіцца двукроп'е, а пасля яе - знак, абумоўлены структурай сказа: 1. Вось пішу: “Жывая, здаровая, хаджу на танцы”, а сама плачу ад сораму, што хлушу. 2. Кінуўшы на хаду: “Я да Андрэя”, хлопец амаль выбег з хаты. Калі ў канцы ўключанай простай мовы стаіць клічнік, пытальнік, шматкроп'е або на месцы разрыву ў аўтарскай мове адсутнічае коска, пасля ўключанай ПМ ставіцца працяжнік: 1. Васіль на хаду ўжо крыкнуў: “Уцякай!” - і пабег яшчэ шпарчэй. 2. Ляўчук крыкнуў: “Бяжым!” - і яны, прыгнуўшыся, што было сілы пабеглі назад да ўзлеску.

Звычайна афармляюцца як складаныя бяззлучнікавыя сказы, у якіх дакладна не ўказана, каму належыць простая мова: 1. Многія могуць паўтарыць: бяда і намучыць і навучыць. 2. Хораша як людзі сказалі: лье як з вядра. 3. Праўду кажуць: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся.

Дапускаецца запісваць у двукоссе выказаную простую мову, якая была паўторана неаднойчы: 1. “Калі хочаш каму зрабіць зло, зрабі дабро”, - не раз гаварыў мой бацька. 2. “Што за дзяўчына! Што за натура!” - колькі разоў здзіўляўся малады настаўнік. 3. “Калі бог хоча пакараць чалавека, то адбірае ў яго розум”, - любіла паўтараць Алена Лявонаўна.

Практыкаванне 55. Прыведзеныя сказы зрабіце простай мовай, прыдумайце да іх словы аўтара і пастаўце патрэбныя знакі прыпынку.

1. Настойліва будзем вучыцца. 2. Хлопцы, пачакайце! Я таксама іду з вамі. 3. 3 Новым годам, таварышы!

29.2 Замена простай мовы ўскоснай. Няўласна-простая мова

Ускосная мова - гэта чужая мова, якая перададзена не ад імя асобы, якой яна належыць, а ад слоў аўтара. Параўнайце:

Простая мова

Ускосная мова

1. - Скажыце, будзьце ласкавы, - зварачаўся настаўнік да некаторых сялян, - ці не ведаеце, дзе б тут знайсці каго з выганаўскіх?

1. Настаўнік зварачаўся да некаторых сялян з запытаннем, ці не ведаюць яны, дзе знайсці каго з выганаўскіх.

Як відаць з прыкладаў, канструкцыя з ускоснай мовай сінтаксічна ўтварае складаназалежны сказ, у якім галоўная частка - гэта словы аўтара (яны паказваюць, каму належыць выказванне), а даданая частка перадае змест чужой мовы.

Пры замене простай мовы ўскоснай трэба памятаць:

Правіла

Прыклады

Сказ з простай мовай

Сказ з ускоснай мовай

Асабовыя і прыналежныя займеннікі, а таксама дзеяслоўныя формы 1-й і 2-й асобы перадаюцца да асобы аўтара, г.зн. замест я, ты выкарыстоўваецца ён, а часам той; замест мой - яго і г.д.

1. “Я - сын будаўніка, - сказаў Карага, - і бацька мой - мужык”.

1. Карага сказаў, што ён - сын будаўніка і бацька яго мужык.

Калі простая мова - пытальны сказ з пытальнымі займеннікамі хто, што, які, чый, колькі, прыслоўямі калі, куды і інш., або часціцай ці, то яна замяняецца даданай дапаўняльнай часткай з выкарыстаннем гэтых займеннікаў ці прыслоўяў у ролі злучальных слоў або часціцы ці ў ролі злучніка

1. “Чаму ж, патачка, ты так доўга не едзеш?” - зноў і зноў думае Сцёпка.

1. Зноў і зноў думае Сцёпка, чаму тата так доўга не едзе.

Калі ў простай мове ёсць выклічнікі, часціцы, то яны апускаюцца ва ўскоснай мове

1. “ Ну, што чуваць?” - запытаўся Васіль.

1. Васіль запытаўся, што чуваць.

Звароткі пры замене ПМ ускоснай або становяцца членам галоўнай часткі складаназалежнага сказа, або апускаюцца

1. Настаўнік яму сказаў: “Не пакідай, Сцёпка, навукі: у цябе вялікія здольнасці да яе”.

2. “Цяпер, браце, наша свята!” - сказаў бацька Міколку.

1. Настаўнік сказаў Сцёпку, каб той не пакідаў навукі: у яго вялікія здольнасці да яе

2. Бацька сказаў Міколку, што цяпер іх свята.

Звычайна не замяняецца ўскоснаю ПМ, у якой перадаюцца пераважна эмоцыі: 1. “Вось табе і маеш…” - пакрывіўся Прыстром.

Няўласна-простая мова - гэта форма передачы чужой мовы, калі аўтар падае “ўнутраную мову” персанажа, зліваючы яе са сваёй: 1. Ён стаяў і прыслухоўваўся, ці хаця ж дома яны. А то сама яна мо ў сваім тэатры, а дзеці зноў, можа, пайшлі дзе да суседзяў на тэлевізар. Спачатку не чутно было ніякага голасу. Потым ён пачуў смех.

Няўласна-простая мова блізкая да простай: у ёй захоўваюцца лексічная і сінтаксічныя асаблівасці чужога выказвання, яго эмацыянальнасць і выразнасць. Аднак, як відаць з прыкладаў, няўласна-простая мова ў двукоссе не бярэцца.

Практыкаванне 56. Замяніце ўскосную мову простай і пастаўце патрэбныя знакі прыпынку.

1.. Якуб сказаў, што ведае месца, дзе ловіцца рыба. 2. Крушынскі цікавіцца, ці ідзе на дварэ дождж. 3. Міколка спытаў у дзеда, калі яны пойдуць на паляванне. 4. Падарожнік спыніўся і запытаў у дзяцей, як называецца іх веска. 5. Людзі кажуць, што калі рана ўзарэш, то і ўраджай добры збярэш.

§ 30. СПОСАБЫ ЦЫТАВАННЯ. ЗНАКІ ПРЫПЫНКУ ПРЫ ЦЫТАТАХ

Цытата - гэта даслоўная вытрымка з чыйго-небудзь выказвання, з якога-небудзь твора, якую выкарыстоўваюць з мэтай падмацаваць, даказаць уласнае меркаванне або як ілюстрацыю.

На пісьме цытаты звычайна бяруцца ў двукоссе і афармляюцца, як сказы з нявыказанай простай мовай: “Служыць свайму народу ўсімі сіламі душы і сэрца”, - так усведамляў сваё прызначэнне Янка Купала.

Цытату можна ўвесці і з дапамогай пабочных слоў або складаназалежных сказаў (цытата або яе частка бярэцца ў двукоссе і пішацца з малой літары): На думку У. Гніламёдава, “паэзія - душа народа і яго гісторыя”.

Страницы: 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9, 10, 11, 12, 13