скачать рефераты

скачать рефераты

 
 
скачать рефераты скачать рефераты

Меню

Гісторыя беларускага мовазнаўства скачать рефераты

а сутнасці ўпершыню І.Ужэвіч даў трохчленную класіфікацыю часавых форм дзеяслова (цяперашні, будучы, прошлы), што адпавядала рэальнаму стану мовы. Услед за М.Сматрыцкім І.Ужэвіч разгледзеў дзеепрыслоўе. У граматычна-правапіснай сістэме І.Ужэвіч адлюстраваў працэс станаўлення марфалагічных норм старабеларускай мовы. Ён засяродзіў увагу на апісанні сінтаксічных асаблівасцей народнай мовы, у прыватнасці, параўнальных прыметнікавых канструкцый (слонце яснейшое месеца), інфінітыўных і дзеепрыслоўных словазлучэнняў (ён упившися пошол спати). У лексічным складзе “Граматыкі...” І.Ужэвіча добра адлюстраваны працэс фарміравання слоўніка беларускай мовы на пэўным гістарычным этапе. У слоўнікавым, як і ў граматычным складзе, “Граматыка...” І.Ужэвіча адлюстравала характэрны для свайго часу працэс узаемаўплыву і ўзаемаўзбагачэння беларускай і польскай моў.

На жаль, “Граматыка словенская” не была надрукавана і не змагла адыграць належнай ролі ў распрацоўцы мовы тагачаснай свецкай літаратуры. Аднак усё зробленае Іванам Ужэвічам дае падставы сцвярджаць, што яго імя павінна стаяць побач з імёнамі такіх выдатных дзеячоў эпохі беларускага Адраджэння, як Ф.Скарына, Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі, С.Будны і інш. Такім чынам, буквары, граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі засведчылі высокі ўзровень мовазнаўчай думкі на Беларусі ў старажытныя часы. Аб'ектам іх распрацовак была ў асноўным царкоўнаславянская мова. Уласна беларуская мова стала аб'ектам вывучэння значна пазней. Аднак традыцыі старажытнага ўсходнеславянскага мовазнаўства адыгралі станоўчую ролю ў яе распрацоўцы.

Тэма: Старажытныя ўсходнеславянскія лексікаграфічныя дапаможнікі

Друкаваныя слоўнікі канца ХVІ - ХVІІ стст. прадэманстравалі высокі ўзровень філалагічнай думкі ўсходніх славян старажытнай пары. К канцу ХVІ ст. перадавыя дзеячы культуры ўжо мелі багаты вопыт перакладаў і тлумачэнняў незразумелых слоў. Сярод тых, хто займаўся гэтай справай, можна назваць Францыска Скарыну, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Мілеція Сматрыцкага і іншых дзеячоў.

Царкоўнаславянская мова як афіцыйная мова праваслаўнай царквы, навукі была не зусім зразумелай простым людзям, якія ў паўсядзённым жыцці карысталіся жывой беларускай мовай. З мэтай наблізіць простых людзей да культуры і навукі Францыск Скарына на палях сваіх выданняў рабіў глосы - падбіраў адпаведнікі да царкоўнаславянскіх слоў, слоў запазычаных або ўстарэлых. Можна лічыць, што глосы, змешчаныя ў выданнях Ф.Скарыны - першыя працы па беларускай лексікаграфіі. Для тлумачэння незразумелых слоў Ф.Скарына выкарыстоўваў розныя спосабы тлумачэння. Часцей за ўсё ён выкарыстоўваў спосаб аднаслоўнага перакладу (риторъ - мовца, языцы - народы, скиния - становішча). Сустракаюцца таксама тлумачэнні слоў словазлучэннямі (югъ - ветръ полуденный, ливъ - ветръ отъ западу). У выданнях Ф.Скарыны адлюстраваны амаль усе фанетычныя рысы жывой беларускай мовы ХVІ ст.

Ф.Скарына ўводзіў у тэксты спрадвечнабеларускія словы тыпу ужитокъ, господаръ, помста, смуток, обецати, пригожий і многія іншыя, а таксама многія граматычныя рысы жывой беларускай мовы: канчатак -у (-ю) у форме Р.скл. назоўнікаў мужчынскага роду, -ого (-его) прыметнікаў і іншыя. Гэтым Ф.Скарына падсвядома імкнуўся да прызнання яго роднай мовы ў якасці літаратурнай, дзяржаўнай, здольнай выконваць разнастайныя функцыі ў грамадстве. Гэты накірунак, намечаны Ф.Скарынам, знайшоў свой далейшы працяг у дзейнасці яго паслядоўнікаў - С.Буднага, В.Цяпінскага, Л.Зізанія, М.Сматрыцкага і іншых, у тым ліку ананімных дзеячоў другой паловы ХVІ - ХVІІ стст., якія поўнасцю перайшлі на беларускую мову.

Значнай лексікаграфічнай працай неабходна прызнаць і глосы Васіля Цяпінскага, пададзеныя ў Евангеллі (пач. 70-х гг. ХVІ ст.). Гэтыя глосы разнастайныя паводле формы і зместу. Найчасцей сустракаюцца глосы, у якіх паясняецца сэнс невядомых на той час слоў і выразаў. Многія глосы маюць этымалагічны характар - у іх змяшчаюцца звесткі пра паходжанне слоў, пазначана, з якой мовы прыйшло пэўнае слова, і іншае.

Адной з першых ва ўсходніх славян спроб стварэння тлумачальна-перакладнога слоўніка з'яўляецца рукапісны “Лексисъ съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто” (другая палова ХVІ ст.). Зверка слоўніка з тэкстамі тагачасных выданняў, і перш за ўсё Астрожскай Бібліі І.Фёдарава (1581 г.), дае важкія аргументы, якія дазваляюць замацаваць за Іванам Фёдаравым аўтарства “Лексиса съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто”. “Лексисъ...” змясціў 897 слоў, з іх 776 слоў былі перакладзены з царкоўнаславянскай мовы на жывую гаворку. Старажытнабеларускімі лексічнымі адпаведнікамі тлумачыліся таксама запазычанні з грэчаскай, лацінскай і іншых моў. “Лексисъ...” - адзін з самых ранніх помнікаў старажытнай беларускай лексікаграфіі, які меў на мэце не толькі садзейнічаць вывучэнню царкоўнаславянскай мовы, але і далучаць вучняў брацкіх школ да простай народнай мовы.

У 1596 годзе ў Вільні Лаўрэнцій Зізаній выдаў асобны слоўнік - “Лексис, сиречь речения, въкратъце събраньны и из словенскаго языка на простый рускій діялектъ истолъкованы”. Гэта асобная друкаваная лексікаграфічная праца тлумачальна-перакладнога тыпу, дзе незразумелыя царкоўна-славянскія словы растлумачаны пры дапамозе агульнаўжывальнай старабеларускай лексікі.

У рэестравай частцы слоўніка 1061 слова, у тлумачальнай - больш за 2 тыс. слоў. Рэестравыя словы размешчаны ў алфавітным парадку. Значная большасць слоў адносіцца да кніжнай лексікі (напр., ангел, апостолъ, храмъ). Сустракаюцца таксама словы, якія ўваходзяць у розныя тэматычныя групы царкоўнаславянскай лексікі, бытавая лексіка, а таксама спецыяльная, тэрміналагічная, назвы шматлікіх абстрактных паняццяў. У сваім слоўніку Л. Зізаній замацаваў многія ўласнабеларускія словы (лазня, глупство, населникъ, порада). Добра ведаючы народную гаворку, Л.Зізаній нярэдка ўводзіў у слоўнік шматлікія беларускія сінонімы (врач - лекар, доктар; ярость - сердитость, запальчивость; гибель - утрата, погибель). У “Лексисе...” пераважаюць нейтральныя словы, аднак сустракаюцца і эмацыянальна-вобразныя, стылістычна афарбаваныя (истуканъ - вылітый болъванъ). “Лексис...” меў для свайго часу вялікае практычнае значэнне: тагачасныя пісьменнікі мелі багаты матэрыял для выбару патрэбнага слова - кніжнага або жывога народнага.

У ХVІІ ст. слоўнікавую справу працягваў Памбва Бярында. Яго слоўнік “Лексіконъ славеноросскій и имен тлъкованіе” быў выд8адзены ў 1627 годзе ў Кіеве, а потым перавыдадзены ў 1653(8?) у друкарні Куцеінскага манастыра пад Оршай. Сваю працу П.Бярында ствараў 30 гадоў у неспрыяльных умовах. П.Бярында поўнасцю выкарыстаў “Лексис...” Л.Зізанія, а таксама матэрыялы іншых тагачасных слоўнікаў.

У “Лексіконе...” каля 7 тыс. рэестравых слоў, з іх каля 5 тыс. - агульнаўжывальныя, каля 2 тыс. - уласныя назвы. Часцей рэестравыя словы тлумачацца адным словам (лествица - драбина, агница - авечка), але нарэдка сустракаюцца і сінанімічныя рады для тлумачэння рэестравых слоў (баснь - казка, байка, вымысел). Ёсць у слоўніку і разгорнутыя тлумачэнні рэестравых слоў (коха - мурашникъ, в котором мурашки живутъ). Сустракаюцца ў слоўніку каментарыі этымалагічнага характару, але ў некаторых выпадках П. Бярында этымалогію падаваў памылкова.

Патрэбнасць, папулярнасць слоўніка, а таксама той факт, што праз некаторы час яго ўжо цяжка было дзе-небудзь знайсці або купіць, сталі прычынай перавыдання слоўніка. У другім выданні некаторыя незразумелыя ўкраінізмы былі заменены беларускімі словамі, але ўвогуле слоўнік быў перавыдадзены без істотных змен.

“Лексікон...” П.Бярынды выяўляў багацці царкоўнаславянскай мовы, а таксама шырока дэманстраваў лексічныя сродкі жывой народнай гаворкі. Тым самым слоўнік спрыяў папулярызацыі царкоўнаславянскай мовы, а таксама знаёмству з фактамі беларускай мовы.

Адной з аўтарытэтных сярод расійскіх лексікографаў прац, разам з “Лексисам съ толкованіемъ словенскіх мовъ просто” і “Лексісам... Л.Зізанія, была “Сіноніма славенаросская” - тлумачальна-перакладны лексікон ХVІІ стагоддзя. У яго рэестравай частцы, якая змяшчае каля 5 тыс. сінанімічна-тлумачальных радоў, пераважае старажытная беларуская лексіка, якая перакладаецца на старажытнарускую мову. Гэты слоўнік - самы апошні помнік пісьменства часоў беларуска-ўкраінскай этнічнай супольнасці.

Такім чынам, “Лексис...” Л.Зізанія, “Лексікон...” П.Бярынды, а таксама іншыя лексікаграфічныя працы старажытнай пары спрыялі таму, што беларуская, украінская, руская і царкоўнаславянская лексіка станавіліся раўнапраўнымі. А гэта садзейнічала таму, што літаратурная мова паступова страчвала стараславянскія архаічныя элементы і ўсё больш убірала ў сябе словы жывой народнай гаворкі.

Своеасаблівым шматмоўным слоўнікам старажытнай пары можна лічыць “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці” Ліцынія Намыслоўскага. Ліцыній Намыслоўскі паходзіў з сілезскага горада Намыслаў. Вучыўся ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. У 1585 г. быў прызначаны рэктарам арыянскай школы ў Іўі, заснаванай паплечнікамі С.Буднага, з 1593 г. - прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку. Сваю асветніцкую дзейнасць Л.Намыслоўскі прысвяціў барацьбе за здзяйсненне ідэй левага рацыяналістычнага крыла Рэфармацыі, якое на Беларусі ўзначальваў С.Будны. Светапоглядную пазіцыю Л.Намыслоўскага, заснаваную па прынцыпе дэізму, адлюстроўвае яго вусная і пісьмовая палеміка з іезуітамі і кальвіністамі. У 1615 г. за атэістычныя погляды Навагрудскі сінод адлучыў Л.Намыслоўскага ад сацыніянскай абшчыны.

Л.Намыслоўскі - адзін з пачынальнікаў свецкай адукацыі на Беларусі. Працуючы ў Іўеўскай школе, ён напісаў падручнік па логіцы пад назвай “Дапаможнік для авалодання вучэннем Арытоцеля” і надрукаваў яго ў Лоску ў 1586 г. на лацінскай мове. У гэтай кнізе шмат лагічных разважанняў, у якіх крытыкаваліся асноўная догмы хрысціянскай рэлігіі. У 1589 г. у Лоскім друкарскім двары выдадзены другі вучэбны дапаможнік Л.Намыслоўскага “Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці” - адзіны ў сваім родзе зборнік маралізатарскіх выказванняў, часткова арыгінальных думак, часткова запазычаных з іншых лірататурных крыніц і апрацаваных у вершаванай форме. Гэту кнігу можна лічыць першым падручнікам жывых замежных моў у тагачаснай Беларусі, таму што тут чаргаваліся розныя, але аналагічныя паводле зместу выказванні на лацінскай, польскай і нямецкай мовах. У кнізе 255 вершаваных павучанняў трох тыпаў, вытрыманых у духу Адраджэння. Лацінская частка набрана антыквай (лацінскі шрыфт прамавугольнай вуглаватай формы), польская частка - гатычным шрыфтам, нямецкая - курсівам. У 110 павучаннях ёсць спасылкі на крыніцы (псалмы, прытчы, Кнігу прарокаў, Евангелле і інш.). Увогуле ж сентэнцыі, вершаваныя Л.Намыслоўскім, арыгінальныя і не маюць аналогій у працах тагачасных еўрапейскіх паэтаў. Спецыяльныя сентэнцыі Л. Намыслоўскі прысвяціў такім маральным вартасцям і заганам, як паслухмянасць, непакой, памяркоўнасць, вытрымка, п'янства, помста, мудрасць і інш. Для ўсіх выслоўяў характэрны розныя адценні адной і той жа думкі на лацінскай, нямецкай і польскай мовах, што яшчэ шырэй раскрывае абрысы задумы аўтара, яго поглядаў і высноў. Спадчына Л. Намыслоўскага і сёння мае філасофскае, маральнае і літаратурна-мастацкае значэнне.

Рукапісныя і друкаваныя граматыкі, слоўнікі і буквары ХVІ - ХVІІстст. сведчаць пра высокі ўзровень філалагічнай навукі на Беларусі. Яны аказвалі ўздзеянне на старабеларускае пісьменства з боку уніфікацыі і стандартызацыі літаратурных норм, садзейнічалі вывучэнню і апісанню семантыкі слоў, уводзілі ў навуковы ўжытак народна-размоўныя формы.

У Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай. Аднак з ХVІІ ст. на беларускіх землях паступова пашыраецца польска-лацінскае пісьменства, ствараюцца неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай мовы, якая з прыняццем у 1696 годзе сеймам Рэчы Паспалітай пастановы аб забароне афіцыйнага карыстання ею застаецца толькі ў вусным маўленні народа.

Новы этап у вывучэнні беларускай мовы пачынаецца з ХІХ стагоддзя, калі ў тагачасным грамадстве ўзрасла цікавасць да этнаграфіі беларускага народа і яго дыялектаў.

Тэма: Развіццё мовазнаўчай думкі ў ХІХ ст. Зараджэнне параўнальна - гістарычнага мовазнаўства

У канцы ХVІІІ - пачатку ХІХ ст. у Еўропе развіваюцца параўнальныя прыродазнаўчыя дысцыпліны, назіраецца росквіт розных жывых літаратурных моў, актывізуецца стварэнне перакладных слоўнікаў; была адкрыта старажытнаіндыйская мова санскрыт, актыўна вялася практычная работа па напісанні граматык і слоўнікаў розных моў. Усё гэта з'явілася перадумовамі для ўзнікнення параўнальна-гістарычнага мовазнаўства (кампарытывістыкі).

Першая спроба класіфікацыі моў належыць французскаму гуманісту Гвілельму Пастэлусу, які яшчэ ў 1538 г. выдаў працу “Пра роднасць моў”.

У гэтым жа ХVІ стагоддзі італьянскі купец Ф.Сасеці ў пісьмах з Індыі ра радзіму паказаў роднасць лічэбнікаў у італьянскай мове і санскрыце.

У 1599 годзе галандскі даследчык Іосіф Скалігер у працы “Думкі пра еўрапейскія мовы” зрабіў спробу размеркаваць усе еўрапейскія мовы на адзінаццаць галін шляхам параўнання супадаючых слоў.

У канцы ХVІІ ст. нямецкі філосаф Готфрыд Лейбніц размяжоўваў індаеўрапейскія мовы (паводле яго тэрміналогіі, “кельцкія”) і урала-алтайскія (“скіфскія”).

У пачатку ХVІІІ ст. галадскі вучоны Ламберт тэн Катэ сфармуляваў ідэю пра гістарычнае развіццё германскіх моў, устанавіў роднасць гоцкай, нямецкай, галандскай, англійскай і ісландскай моў. Ён выказаў меркаванне пра роднасць германскіх моў з грэчаскай, лацінскай, албанскай, кельцкімі і славянскімі мовамі (да іх памылкова адносіў літоўскую і латышскую).

М.В.Ламаносаў у працах “Расійская граматыка” (1755 г.), “Прадмова на карысць кніг царкоўных у расійскай мове” (1758 г.) і іншых выказаў меркаванне, што славянскія мовы паходзяць ад агульнаславянскай мовы і знаходзяцца паміж сабой у рознай ступені роднасці. Ён паказаў таксама сваяцтва славянскіх моў з іншымі індаеўрапейскімі мовамі, асабліва адзначыў цесную сувязь з балтыйскімі мовамі.

У канцы ХVІІІ ст. англійскі ўсходазнавец У.Джоунз сцвярджаў, што ўсе еўрапейскія мовы паходзіяць з адной крыніцы, якой, магчыма, з'яўляецца санскрыт.

У пачатку ХІХ ст. нямецкі вучоны Ф.Шлегель пісаў аб роднасці санскрыту з лацінскай, грэчаскай, германскай і персідскай мовамі.

Прыкладна ў гэты ж час у Расіі было напісана ананімнае даследаванне “Аб падабенстве санскрыцкай мовы з рускай”.

Адзначаныя першыя спробы класіфікацыі моў падрыхтавалі глебу для ўзнікнення параўнальна-гістарычнага метаду даследавання і садзейнічалі з'яўленню ранніх варыянтаў параўнальна-гістрычнага мовазнаўства.

Нягледзячы на ўсё гэта, агульнапрызнанымі заснавальнікамі параўнальна-гістарычнага мовазнаўства лічацца дацкі вучоны Расмус Крысціян Раск (1787-1832), нямецкія Франц Боп (1791-1867) і Якаб Грым (1785-1863), рускі Аляксандр Хрыстафоравіч Вастокаў (1781-1864), якія прыблізна ў адзін час у сваіх працах даказалі роднасць розных еўрапейскіх моў на падставе глыбокага гістарычнага аналізу вялікага эмпірычнага матэрыялу, пераважна фанетычнага і марфалагічнага.

У ХІХ ст. быў знойдзены крытэрый лінгвістычнага параўнання моў - граматычныя формы, лічэбнікі, назвы роднасці і сваяцтва і інш. Параўнальна-гістарычны метад улічвае заканамернасці гукавых змен у тоесных марфемах розных слоў. Ф.Боп у 1816 г. устанавіў тоеснасць сістэмы спражэння ў некаторых еўрапейскіх мовах і санскрыце, што з'явілася доказам роднасці гэтых моў. К.Раск браў не толькі марфалагічныя паказчыкі, але і гукавыя суадносіны. Ён даследаваў таксама лексічныя супадзенні ў розных мовах і выказаў ідэю пра паходжанне еўрапейскай мовы ад адной прамовы - фракійскай. Нямецкі філолаг Я.Грым (сааўтар вядомых казак) незалежна ад Раска адкрыў законы пра перамяшчэнне зычных у верхненямецкай мове, выявіў істотныя суадносіны граматычных форм лічэбнікаў, назваў роднасці. А.Х Вастокаў шляхам суапастаўлення паказаў не толькі роднасць славянскіх моў, але і адкрыў істотныя фанетычныя заканамернасці ў іх развіцці. Ён выявіў таксама значэнне і характар вымаўлення старажытнах насавых гукаў - юсоў, рэдукаваных галосных і іншых.

У ХІХ ст. параўнальна-гістарычны метад удасканальваецца і канкрэтызуецца пры вывучэнні раманскіх, славянскіх, германскіх і іншых моў. Вялікая заслуга ў гэтым такіх нямецкіх вучоных кампаратывістаў, як Аўгуст Фрыдрых Пот, Георг Курцыўс, Адальберт Кун, Фрыдрых Дыц, славенца Франца Міклашыча. Ва ўсходнеславянскім свеце ідэі параўнальна-гістарычнай навукі на матэрыяле славянскіх моў працягвалі распрацоўвацца дзякуючы намаганням Ізмаіла Іванавіча Сразнеўскага, Міхаіла Аляксандравіча Максімовіча, Фёдара Іванавіча Буслаева і іншых даследчыкаў.

З адкрыццём параўнальна-гістарычнага метаду мовазнаўства стала самастойнай навукай, адасобленай ад філасофіі і гісторыі; апрача таго, з цягам часу была падрыхтавана аснова для ўзнікнення агульнага мовазнаўства.

Страницы: 1, 2, 3