скачать рефераты

скачать рефераты

 
 
скачать рефераты скачать рефераты

Меню

Гісторыя беларускага мовазнаўства скачать рефераты

Гісторыя беларускага мовазнаўства

Тэма: Уводзіны ў дысцыпліну. Прадмет, задачы і значэнне курса “гісторыя беларускага мовазнаўства”

Мова - гэта не толькі сродак зносін людзей, але і важнейшы элемент нацыянальнай культуры кожнага народа. Гэта і выклікае цікавасць носьбітаў мовы да самой мовы, да яе гісторыі, да вытокаў яе фарміравання і гістарычных умоў функцыянавання, а таксама абуджае цікавасць да перспектыў, шляхоў і напрамкаў далейшага развіцця нацыянальнай мовы.

Цікавасць грамадства да сваёй мовы, гісторыі яе фарміравання і развіцця з'явіліся перадумовамі складвання звестак аб мове і гісторыі яе развіцця ў асобную дысцыпліну - гісторыю мовазнаўства. Беларускае мовазнаўства - навука аб беларускай мове, яе вывучэнні і развіцці. Такім чынам, у межах гісторыі беларускага мовазнаўства вывучаюцца, даследуюцца і разглядаюцца ў першую чаргу працы аб беларускай мове. На Беларусі, акрамя праблем развіцця і функцыянавання беларускай мовы, распрацоўваюцца і праблемы агульнага мовазнаўства, іншых моў. Вынікі гэтых даследаванняў беларускімі вучонымі таксама ўваходзяць у паняцце беларускае мовазнаўства.

Агульнавядома, што кожная навука мае сваю гісторыю, паколькі складваецца яна на працягу многіх стагоддзяў у выніку назапашвання фактаў і вопыту даследчыкаў. Кожны этап развіцця любой навукі, у тым ліку і беларускага мовазнаўства, узбагачае яе новымі каштоўнымі фактамі, дасягненнямі, абагульняе, сістэматызуе, пацвярджае або абвяргае папярэдні вопыт. І таму любая навука не можа рухацца наперад без аналізу вопыту і шляхоў свайго развіцця, інакш кажучы, без вывучэння сваёй гісторыі. У выніку даследавання гісторыі навукі фарміруюцца і ўдасканальваюцца метады даследавання, выпрацоўваеца найбольшая эфектыўнасць практычных вынікаў.

Змест гісторыі беларускага мовазнаўства, як і любога нацыянальнага, складае вырашэнне такіх задач і раскрыццё такіх пытанняў, як:

· спецыфіка беларускай мовы ў параўнанні з іншымі мовамі;

· заканамернасці развіцця беларускай мовы;

· пачатак навуковага асэнсавання беларускай мовы;

· маштабы вывучэння розных моўных з'яў і раздзелаў беларускага мовазнаўства;

· вылучэнне эпахальных перыядаў развіцця беларускай мовы і навукі аб ёй;

· асэнсаванне ролі асобных мовазнаўцаў у межах нацыянальнай навукі і інш.

Паколькі мова - з'ява грамадская, то яе вывучэнне непазбежна і перарыўна звязана з вывучэннем гісторыі яе стваральніка, носьбіта і захавальніка - народа. Пры вывучэнні гісторыі беларускага мовазнаўства нельга абысціся без вывучэння гістарычных фактаў фарміравання беларускай нацыі, культурных і грамадска-палітычных рухаў на Беларусі, усіх тых з'яў, якія так ці інакш аказвалі ўплыў на развіццё беларускай мовы і навукі аб ёй.

Вылучэнне гісторыі беларускага мовазнаўства ў самастойную навуковую дысцыпліны засведчыла няспынны працэс развіцця беларускай лінгвістычнай думкі, дыферэнцыяцыі філалагічнай навукі. Сама дысцыпліна “гісторыя беларускага мовазнаўства” з'яўляецца, безумоўна, важнай і актуальнай, дазваляе абагуліць і сістэматызаваць прыватныя веды і палажэнні аб мове, бо разглядаюцца апошнія з боку іх храналагічнага станаўлення, у неад'емнай сувязі з асобамі тых, хто развіваў беларускую лінгвістыку, вывучаў і назапашваў вопыт папярэднікаў і закладаў трывалы падмурак для паўнавартаснага жыцця Беларускага Слова. Ніводная навука не існуе без сваіх “стваральнікаў”, нават пры тым, што канкрэтныя палажэнні асобных з іх з цягам часу могуць станавіцца неактуальнымі і нават пачынаюць лічыцца памылковымі. Але, як вядома, трывалыя, сапраўдныя, сталыя навуковыя веды і здабываюцца падчас дыскусійных пошукаў. І абмінаць увагай тых, хто займаўся пошукамі, не цікавіцца тым, па якіх шляхах блукала навуковая думка перш чым трапіць у якасці аксіёмы на старонкі падручнікаў, - значыць, свядома абмяжоўваць сваю адукацыю і кругагляд, а ў маральным сэнсе - без удзячнасці і павагі праігнараваць жыццё і дзейнасць навукоўцаў.

Такім чынам, курс “гісторыя беларускага мовазнаўства” з'яўляецца вельмі пазнавальным і мае вялікае культурна-выхаваўчае значэнне.

Тэма: Перыядызацыя гісторыі беларускага мовазнаўства

Перыядызацыя - вылучэнне гістарычных адрэзкаў часу (перыядаў) з суцэльнага патоку развіцця навукі. Кожны этап характарызуецца пэўнай зместавай закончанасцю. Перыядызацыя гісторыі беларускага мовазнаўства (падзел гісторыі беларускага мовазнаўства на перыяды) дазваляе больш поўна ахарактарызаваць яго паступовае развіццё, убачыць спецыфіку кожнага этапа, пераемнасць паміж перыядамі.

Але не трэба забываць пра тое, што гісторыя беларускага мовазнаўства - не ізаляваная навука, а частка агульнага мовазнаўства. І таму пры перыядызацыі гісторыі беларускага мовазнаўства неабходна ўлічваць, як развівалася сусветная лінгвістычная думка і які ўплыў яна мела на працэс распрацоўкі беларускай мовы.

Улічыўшы, з аднаго боку, гэты факт, і, з другога боку, усведамляючы, што гісторыя беларускага мовазнаўства мае нацыянальную адметнасць, бо з'яўляецца навукай аб развіцці менавіта беларускай мовы, у гісторыі беларускага мовазнаўства можна вылучыць наступныя перыяды:

1. ХVІ - ХVІІ стст. У гэты час на Беларусі ў розных сферах грамадскага жыцця, наперш, у рэлігіі і навуцы, была пашырана царкоўнаславянская мова. Беларуская ж мова ў гэты перыяд выкарыстоўвалася як дапаможны сродак навуковай распрацоўкі царкоўнаславянскай мовы.

2. Першая палова ХІХ ст. (1800 - 1850 гг). Гэты перыяд вызначаецца стварэннем першых прац па беларускай мове і першымі спробамі выкарыстання фактаў беларускай мовы ў дачыненні да даследавання іншых моў.

Гэтыя перыяды лічацца т.зв. “данавуковымі“, паколькі яшчэ не аформілася параўнальна-гістарычнае мовазнаўства, якое зрабіла своеасаблівую рэвалюцыю ў навуцы аб мове, і з развіццём якога пачалося ўласна развіццё мовазнаўства.

3. Другая палова ХІХ - пачатак ХХ ст. У гэты час адбываецца фарміраванне галоўных напрамкаў беларускага мовазнаўства. На гэты перыяд прыпадае дзейнасць многіх навукоўцаў, якіх цікавіла гісторыя беларускага народа і яго мовы. У даследаваннях той пары, якія мелі пераважна этнаграфічны характар, вельмі многа каштоўнага лінгвістычнага матэрыялу.

4. 20-я гг ХХ ст. - пачатак ХХІ ст. Гэта перыяд сістэматызаванага вывучэння беларускай мовы, які характарызуецца паглыбленнем традыцыйных напрамкаў і ўзнікненнем новых накірункаў лінгвістычных пошукаў. Характэрнай рысай гэтага перыяду з'яўляецца актыўны ўплыў грамадства на мову, дзяржаўнае рэгуляванне мовазнаўчых даследаванняў. У сувязі з гэтым чацвёрты перыяд гісторыі беларускага мовазнаўства з'яўляецца часам вялікіх здабыткаў і цяжкіх страт у беларускім моваўнаўстве і беларускай культуры ўвогуле.

Тэма: Крыніцы вывучэння гісторыі беларускага мовазнаўства

Даволі поўны пералік прац па беларускім мовазнаўстве змешчаны ў шматтомным бібліяграфічным даведніку “Беларускае мовазнаўства“. У першым томе змешчаны пералік прац з 1825 па 1965 гг., у другім томе - з 1966 па 1975, у трэцім - з 1976 па 1985, у чацвёртым - з 1986 па 1995.

З ранніх прац, якія падсумавалі здабыткі папярэднікаў, варта назваць працу рускага вучонага С.Буліча “Очерки истории языкознания в России“ (ХІІІ - 1825 г.) (Спб., 1904 г.), у якой разглядаецца дзейнасць Л.Зізанія, М.Сматрыцкана, П.Бярынды. Гэты ж аўтар зрабіў агляд выказванняў аб беларускай мове вучоных ХІХ стагоддзя.

Працы па беларускім мовазнаўстве разглядаў таксама А.Ельскі ў артыкуле, змешчаным у кракаўскай газеце ў 1886 годзе.

Нарысы аб навуковай распрацоўцы беларускай мовы вучонымі ХІХ стагоддзя апублікавалі ў канцы ХІХ стагоддзя А.Н.Пыпін і П.В.Уладзіміраў.

Найбольш поўны і грунтоўны агляд гісторыі вывучэння беларускай мовы ад першых выказванняў пра яе да прац канца ХІХ ст. даў Я.Ф.Карскі ў першым томе сваёй знакамітай манаграфіі “Беларусы“ (Варшава, 1903; 2-е выд. - Вільня, 1904).

У 1925 годзе ўбачыла свет праца дацэнта БДУ Я.В.Воўк-Левановіча, дзе быў пашыраны агляд беларускага дарэвалюцыйнага мовазнаўства за кошт аналізу спадчыны рускіх навукоўцаў І.І.Сразнеўскага, А.А.Патабні, А.А.Шахматава.

Праблемы, дасягненні беларускай лінгвістыкі ў новых гістарычных умовах закраналіся ў дакладзе С.М.Некрашэвіча на канферэнцыі 1926 года.

Пытанні гісторыі беларускага мовазнаўства разглядаў і М.Каспяровіч у працы, змешчанай у 1928 годзе ў часопісе “Полымя“.

На жаль, гэтыя таленавітыя навукоўцы 20-х гг. ХХ ст., а таксама многія іншыя патрыёты Беларусі хутка сталі ахвярамі рэпрэсій. І на пэўны час распрацоўка беларускага мовазнаўства была спынена, створаныя працы забаронены, а іх аўтары названы ворагамі савецкага народа і савецкай краіны і знішчаны. Пра многіх навукоўцаў 20-х гадоў ХХ стагоддзя стала можна адкрыта гаварыць толькі нядаўна, а многія прозвішчы забыты і страчаны беларускай культурай назаўсёды.

Сярод тых, хто паступова аднаўляў беларускае мовазнаўства ў пасляваенны час, варта назваць А.І.Жураўскага, А.А.Крывіцкага, Л.М.Шакуна, І.К.Германовіча і іншых даследчыкаў.

З 1976 па 1978 гады выйшлі 3 тамы працы М.Г.Булахава “Восточнославянские языковеды. Библиографический словарь“. Праца сапраўды пабудавана ў форме слоўніка, дзе партрэты асобных лінгвістаў падаюцца з апісанннем іх навуковай дзейнасці. У разгляд уключана дзейнасць навукоўцаў, якія жылі і працавалі пачынаючы з ХVІ ст. і да 70-х гг. ХХ ст.

У працы І.К.Германовіча “Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці“ (Мн., 1985) таксама апісваецца дзейнасць беларускіх навукоўцаў розных часоў.

Паступова сталі з'яўляцца працы, прысвечаныя дзейнасці такіх навукоўцаў, пра якіх доўгі час увогуле было забаронена гаварыць - В.Ластоўскі, Я.Станкевіч, Я.Лёсік і інш.

Дзейнасці асобных даследчыкаў былі прысвечаны манаграфіі: М.Булахаў “Евфимий Федорович Карский. Жизнь, научная и общественная деятельность“ (Мн., 1981), Я.Рамановіч, А.Юрэвіч “П.А.Бузук“ (Мн., 1969), А.Ліс “Браніслаў Тарашкевіч“ (Мн., 1966) і іншыя працы, прысвечаныя М.Гарэцкаму, М.Нікіфароўскаму, П.Шэйну, Б. Эпімах-Шыпілу і іншым.

Важнейшыя дасягненні беларускага мовазнаўства ад старажытнасці да сучаснасці разгледжаны Т.І.Тамашэвічам у дапаможніку “Гісторыя беларускага мовазнаўства“ (Мн., 1991).

Найвялікшым дасягненнем беларускай філалогіі з'явілася манаграфія Л.М.Шакуна “Гісторыя беларускага мовазнаўства“. Гэта праца, якая выйшла ў Мінску ў 1995 годзе, змяшчае сістэматызаваныя звесткі аб развіцці беларускага мовазнаўства ад яго вытокаў да 1991 года.

Тэма: Развіццё граматычнай думкі ва ўсходніх славян старажытнай пары. Перадумовы кнігадрукавання

Як вядома, асноўныя асаблівасці беларускай мовы склаліся не пазней ХІІІ ст. Пісьмовая форма пачала фарміравацца пазней - прыкладна ў ХІV ст. на аснове жывой народнай гаворкі і агульнаўсходнеславянскіх моўных традыцый. Захавалася нямнога звестак пра старажытныя дапаможнікі для вывучэння мовы. Гэта выразаная на дошцы недзе ў ХІІІ - ХІV стст. азбука, якую адшукалі ў Ноўгарадзе ў 1954 годзе; азбука на бяросце, зробленая, як мяркуюць даследчыкі, хлопчыкам Анфімам у ХІІ - ХІІІ стст. (яе знайшлі ў 1956 годзе таксама ў Ноўгарадзе). Прыкладамі некаторых старажытных слоўнікаў могуць быць т. зв. гласарыі - пераклады і тлумачэнні на палях старонак у помніках эпохі Старажытнарускай дзяржавы. Гэтыя тлумачэнні называліся “праізволы”, “праізвольнікі”, “глосы” - адсюль і іх назва - гласарыі. Пазней да асобных помнікаў пачалі прыкладаць цэлыя слоўнікі-азбукоўнікі, алфавіты, лексіконы.

Сярод асобных граматычных прац, якімі карысталіся ўсходнія славяне, можна назваць сціслы граматычны нарыс “О осмихъ частђхъ слова“ (Пра восем часцін мовы). Гэта пераклад на рускую мову грэчаскай граматыкі.

У 1522 г. Дзмітрый Герасімаў (Талмач) пераклаў лацінскую граматыку Элія Даната (Рым, ІV ст н.э.). Арыгінал перакладу не захавўся, а два яго спісы ў ХVІ ст. былі выдадзены Ігнатам Ягічам. Нягледзячы на тое, што гэты дапаможнік прызначаўся для вывучэння лацінскай мовы, пераклад быў зроблены для вывучэння царкоўнаславянскай мовы, бо лічылася, што схема апісання лацінскай мовы падыходзіць таксама да граматыкі любой іншай мовы.

Нягледзячы на ўсё гэта, сур'ёзнай арыгінальнай працы па мовазнаўстве на ўсходнеславянскіх землях не было амаль да канца ХVІ ст. І толькі з канца ХVІ ст., калі на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Украіны з'явілася кнігадрукаванне, пачалі выходзіць разнастайныя граматыкі, буквары, азбукі, слоўнікі і іншыя вучэбныя дапаможнікі па царкоўнаславянскай мове, якая ў той час яшчэ шырока выкарыстоўвалася ў сферах навукі, культуры, а таксама ў рэлігійнай сферы.

Царкоўнаславянская мова была ў той час сродкам барацьбы з каталіцызмам, з Захадам. І таму адной з важных задач было ўзвысіць прэстыж царкоўна-славянскай мовы, надаць ёй выразнасць. Аўтары вучэбных дапаможнікаў зыходзілі з неабходнасці ачысціць царкоўнаславянскую мову ад мясцовых і ўстарэлых слоў, растлумачыць незразумелыя словы, узняць культуру царкоўнаславянскай мовы і тым самым паставіць яе нараўне з іншымі распрацаванымі мовамі, якімі былі на той час лацінская і польская.

Праваслаўныя брацтвы, якія існавалі на Беларусі і Украіне, узялі на сябе клопат пра выданне царкоўнаславянскіх вучэбных дапаможнікаў. У гэтых дапаможніках адлюстраваліся характэрныя рысы ўсходнеславянскіх моў: правілы царкоўнаславянскай мовы нярэдка тлумачыліся па-беларуску, беларускія словы прыводзіліся як адпаведнікі да царкоўнаславянскіх.

Трэба адзначыць, што ўжо ў ХІV ст. беларуская мова была даволі добра распрацаванай: яна мела багаты лексіка-фразеалагічны слоўнік, даволі стройную граматычную сістэму. Беларуская мова гучала ў княжацкіх маёнтках, на сходах князёў у самой Вільні, пашыралася сярод простага народа. Асаблівага росквіту яна дасягнула ў ХV - ХVІ стст., даўшы штуршок развіццю рукапіснай літаратуры. У гэты час з'явілася шмат пропаведзяў, разнастайных гістарычных і палемічных твораў. Усё гэта, безумоўна, садзейнічала ўзнікненню кнігадрукавання - найвялікшай падзеі ў духоўным жыцці ўсіх усходніх славян.

Тэма: Буквары, граматыкі і іншыя вучэбныя дапаможнікі ва ўсходніх славян старажытнай пары

Абвастрэнне барацьбы паміж праваслаўем і каталіцызмам (канец ХVІ ст.) зрабіла відавочнай праблему ажыўлення царкоўнаславянскай мовы. Гэта афіцыйная мова праваслаўнай царквы павінна была стаць больш распрацаванай у правапісных і граматычных адносінах. З мэтай папулярызацыі і павышэння аўтарытэту царкоўнаславянскай мовы Л.Зізаній, М.Сматрыцкі, дзеячы Астрожскага гуртка ўзяліся за яе нармалізацыю і ўдасканаленне.

Неабходна адзначыць, што буквары, азбукі, граматыкі, слоўнікі, якія на Беларусі пачалі друкаваць у канцы ХVІ стагоддзя, з'яўляюцца агульнаўсходнеславянскімі, не падзяляюцца на беларускія, украінскія, рускія, паколькі распрацоўвалі царкоўнаславянскую (стараславянскую) мову - агульную мову ўсходніх славян (!)

Аднымі з першых з'яўляюцца падручнікі Івана Фёдарава - “Граматыкія-буквар”, выдадзены ў 1574 годзе ў Львове і неаднаразова перавыдадзены пазней, і “Азбука”, выдадзеная ў 1578 годзе ў Астрозе. Назапашаныя ў дастатковай колькасці аб'ектыўны факты дазваляюць сцвярджаць, што І.Фёдараў быў беларусам па паходжанні. Некаторыя вучоныя выказваюць меркаванне, што ён з Мсціслаўшчыны, іншыя падтрымліваюць гіпотэзу пра заходнебеларускі, магчама, палеска-падляшскі радавод асветніка.

У навуковай літаратуры істотнага адрознення паміж тэрмінамі “буквар” і “азбука” амаль не існуе, яны сінанімічныя. Традыцыйна склалася, што буквар мае памер брашуры або невялічкай кнігі, азбука - выданне, звычана меншае па памеры, надрукаванае ў выглядзе табліцы або лістоўкі. “Буквар” І.Фёдарава невялікага памеру, мае 40 аркушаў. Экземпляр яго захоўваецца ў бібліятэцы Гарвардскага універсітэта ў ЗША. Спачатку гэта кніга належала рускаму калекцыянеру Г.Строганаву, які жыў за мяжой. Потым яе набыў другі рускі калекцыянер С.Дзягілеў, пасля якога кніжку атрымаў у спадчыну Б.Кахно. Ён і перадаў яе ў якасці падарунка Гарвардскаму універсітэту ў 1953 годзе. У Савецкім Саюзе пра гэту працу стала вядома толькі ў 1954 годзе.

“Буквар” і “Азбука” І.Фёдарава змяшчаюць у сабе складова-літарную, лінгвістычную, літаратурна-крытычную і навуковую часткі. “Азбука” ў адрозненне ад “Буквара” змяшчае разгорнуты загаловак-надпісанне на дзвюх старонках, грэчаскую азбуку са славянскімі адпаведнікамі грэчаскім літарам, царкоўнае правіла з грэчаскімі малітвамі і іх славянскім перакладам. “Буквар”і “Азбука” І.Фёдарава празначаліся для навучання. З выхадам кніжак гэта стала магчыма па-за межамі царквы, што мела вялікае значэнне ў гісторыі тагачаснай адукацыі. Лінгвістычная частка кніг змяшчае ўласна граматыкію, прасодыю, дзе побач са складанай старажытнай сістэмай акцэнталогіі змяшчаюцца амаграфічныя формы дзеясловаў, артаграфію, дзе разглядаюцца назоўнікі і прыметнікі ў адпаведных склонавых формах пад цітламі, акраверш - пералік цытат, крылатых выразаў з Бібліі. Асветнік таксама знаёміць чытача з кірылічнай цыфір'ю, паводле якой ў стараславянскім пісьменстве лічбы абазначаліся літарамі алфавіта. Уласна тэксталагічная частка прапануе ўвазе чытача паўсядзённае правіла з найбольш ужывальнымі малітвамі. Змяшчэнне малітоўнага правіла ў старажытных падручніках было не выпадковым, бо па малітвах і ўрыўках са Святога Пісання не адно пакаленне нашых продкаў навучылася чытаць і пісаць. Пасляслоўе “Буквара” ўтрымлівае зварот да бацькоў і настаўнікаў, прасякнуты мудрасцю, чуласцю і спагадай, глыбінным разуменнем цярплівасці і любові, з дапамогай чаго толькі і можна наблізіцца да душы і розуму вучня, дзіцяці. У “Азбуцы” замест пасляслоўя змешчаны трактат “О письменахъ” Чарнарызца Храбра, дзе аўтар паказвае дасканаласць і універсальнасць славянскай азбукі. Абавязковае змяшчэнне І.Фёдаравым вольнай інтэрпрэтацыі згаданага вядомага трактата Х ст. яскрава сведчыла пра павагу да роднай мовы, пра патрыятычныя пачуцці да зямлі, якая яго ўзгадавала, і мела грамадска-палітычны сэнс, бо было першай рэакцыяй на пракаталіцкія, антыбеларускія выступленні Пятра Скаргі, які адмаўляў старабеларускай кніжнасці, асабліва выданням І.Фёдарава і іншых брацкіх асветнікаў, у праве на існаванне.

Страницы: 1, 2, 3