скачать рефераты

скачать рефераты

 
 
скачать рефераты скачать рефераты

Меню

Усталяванне савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў СССР і БССР скачать рефераты

p align="left">Супраць М. Хрушчова, які ініцыяваў крытыку Сталіна, выступіла група членаў Прэзідыума ЦК на чале з В. Молатавым, але пацярпела паражэнне. Гэта дало І сакратару КПСС магчымасць завяршыць распачатую працу па асуджэнні культу Сталіна. Прамова М. Хрушчова на ХХІІ з'ездзе КПСС (17-31 кастрычнiка 1961 г.) знайшла падтрымку большасці народа, асабліва творчай інтэлігенцыі.

Грамадска-палітычнае жыццё СССР і БССР увабрала ў сябе стыль, метады і наступствы кіравання М. Хрушчова, які займаў пасады І сакратара ЦК КПСС і старшыні Савета Міністраў СССР. Неўзабаве і ён стаў прымаць рашэнні аднасобна, не параіўшыся з акружэннем. Уласцівы яму стыль кіраўніцтва - валюнтарызм - выявіў сябе ў непрадуманай рэарганізацыі амаль усіх партыйных і ўпраўленчых структур. Але савецкая палітычная сістэма засталася нязменнай.

Ва ўмовах панавання КПСС паўнаўладдзе Саветаў было немагчымым у прынцыпе: іх кiраўнiцтва абiралася пад партыйным кантролем, пры прамым i непасрэдным удзеле камунiстаў. Разам з тым Саветы ўсiх узроўняў пачалi лепш выконваць свае гаспадарчыя, арганiзацыйныя i культурна-выхаваўчыя функцыi. Палажэннi аб сельскiх, пасялковых, раённых, гарадскiх Саветах адлюстравалi iмкненне да развiцця дэмакратыi. Яны заканадаўча замацавалi правы і абавязкі дэпутатаў, усталявалi iх недатыкальнасць. На працягу 1950-х гг. працоўныя Беларусi двойчы бралi удзел у выбарах у Вярхоўны Савет СССР, двойчы ў Вярхоўны Савет БССР i тройчы ў мясцовыя органы рэспублiкi. За безальтэрнатыўны спiс кандыдатаў блоку камунiстаў i беспартыйных галасавала звыш 99% выбаршчыкаў.

Прафсаюзы заставаліся самай масавай грамадскай арганізацыяй. З 1951 па 1960 г. колькасць яе членаў павялічылася з 815 тыс. да 1 988 тыс. Па-ранейшаму асноўнай сферай дзейнасці прафсаюзаў з'яўлялася вытворчасць. Па iх iнiцыятыве з ладзіліся спаборнiцтвы «за званне брыгад выдатнай якасцi», «за эканомiю iнструментаў», «за сумяшчэнне прафесiй», у якіх удзельнiчала 95,2% працоўных. З 1958 г. разгарнуўся рух за званне ўдарнiкаў i брыгад камунiстычнай працы. З 1962 г. - за званне «майстар-залатыя рукi».

У 1950-я гг. раслi i умацоўвалiся камсамольскiя арганiзацыi рэспублiкi. Калi у 1950 г. у шэрагах ЛКСМБ налiчвалася 368 тыс. камсамольцаў, то да 1961 г. ужо 621 тыс. ЛКСМБ здзяйсняў шэфства над пiянерскай арганiзацыяй, браў удзел у сацыялістычных спаборніцтвах. Па заклiку партыi камсамол Беларусi узяў удзел у асваеннi цалiны ў Казахстане, Сiбiры, на Алтаi i Урале. Камсамольскія работнікі папаўнялі кадры партыйна-савецкай наменклатуры БССР. Яе тагачасны кіраўнік І сакаратар ЦК КПБ К. Мазураў заўсёды аператыўна рэагаваў на дырэктывы з Крамля. У 1958 г. М. Хрушчоў пад час наведвання БССР высока ацаніў шанцы беларускага народа ў пабудове камунізму.

Поспехі пасляваеннага аднаўлення эканомікі СССР, выкрыццё сталіншчыны, знішчэнне «жалезнай завесы» і часовае прыпыненне «халоднай вайны», усё гэта і іншае надало савецкаму грамадству моцны імпульс далейшага развіцця. Але ўсё гэта і іншае не задавальняла частку партыйнай наменклатуры, якую палохаў працэс дэмакратызацыі грамадства. У выніку 13 кастрычнiка 1964 г. на пасяджэннi Прэзiдыума ЦК КПСС М. Хрушчову былi прад'яўлены прэтэнзii за развал сельскай гаспадаркi, злоўжываннi у кадравай палiтыцы, праявы культу яго асобы. Больш абрунтавана гэта прагучала назаўтра, 14 кастрычнiка 1964 г. на Пленуме ЦК у дакладзе А. Суслава «Аб ненармальным становiшчы, што склалася ў Прэзiдыуме ЦК у сувязi з няправiльнымi дзеяннямi Хрушчова». У выніку апошні «па ўласным жаданнi» ён быў вызвалены ад займаемых пасад.

Такім чынам, кароткачасоваму перыяду знаходжання М. Хрушчова ва ўладзе ўласцівы велічныя і заганныя падзеі, рэзкія кантрасты, дасягненні і страты. Як кіраўнік дзяржавы ён наблізіўся да народа і мкнуўся палепшыць яго жыццё, але як партыйны дзеяч, ён рабіў гэта ў адпаведнасці са сваімі ўяўленнямі аб народных патрэбах і тымі ж, добра апрабаванымі дырэктыўнымі метадамі. «Хрушчоўскай адлізе» уласцівы несумяшчальныя супярэчнасці: з аднаго боку выкрыццё сталіншчыны, амністыя і рэабілітацыя пацярпелых ад яе, з другога - адсутнасць галоснасці, патуранне новаму культу, прапаганда ўтопіі камуністычнага грамадства. Намаганнямі Хрушчова савецкае грамадства пазбавілася сталінісцкіх крайнасцяў, але глыбокіх дэмакратычных пераўтварэнняў не адчула.

6. Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 70-я - першай палове 80-х г. ХХ ст.

У кастрычніку 1964 г., пасля адстаўкі М. Хрушчова першым сакратаром ЦК КПСС быў выбраны Л. І. Брэжнеў, старшынёй Саўміна СССР - А.М. Касыгін. Пасля ХХІІІ з'езда КПСС (сакавік-красавік 1966) Прэзідыум ЦК быў ізноў перайменаваны ў Палітбюро, і адноўлена назва «Генеральны сакратар». З'езд cкасаваў ранейшую пастанову аб забароне абрання адных i тых жа асоб на кiруючыя пасады больш, чым тры разы запар. Адначасова адбывалася далейшая цэнтралізацыя партыйна-дзяржаўнага апарата. Да бліжэйшага акружэння Л. Брэжнева належалі члены Палітбюро - старшыня КДБ Ю. Андропаў, міністр абароны Дз. Усцінаў, міністр замежных спраў А. Грамыка.

Рэальныя рычагi улады засяродзіліся ў наменклатуры. Адначасова ў яе асяроддзі ўкараніліся такія хібы, як бюракратызм, карупцыя і пратэкцыянізм. Яе намаганнямі з'явіліся «падзаконныя акты», «тэлефоннае права». Шэраговыя камунiсты не мелi магчымасцi уплываць на дзейнасць камiтэтаў, тым больш - фармiраваць палiтыку партыi.

Саветы як выбарныя органы ўлады па-ранейшаму заставаліся на другi плане. Сесii Вярхоўнага Савета СССР і саюзных рэспублік адбываліся з удзелам дэпутатаў, абраных за працоўныя або iншыя заслугi, без улiку iх дзелавых якасцей як законатворцаў. Выбарчая сістэма па-ранейшаму прадугледжвала безальтэрнатыўнасць. Удзел электарата ў выбарах пры «ўмелых падліках» - быў не менш выніковым, чым пры Сталіне, бо часам дасягаў 99,96%.

Прафсаюзы зрабіліся неафіцыйнымі дзяржаўнымі структурамі. Іх функцыі па абарона інтарэсаў работнікаў былі дзейснымі ў той ступені, у якой яны не супярэчылі інтарэсам парткама і адміністрацыі прадпрыемства або ўстановы.

Камсамолу быў адведзены свой сектар грамадска-палітычнай, галоўным чынам, ідэйна-выхаваўчай работы. Пасады кіруючых органаў УЛКСМ з'яўляліся наменклатурнымі. Усплёскі камсамольскай актыўнасці былі звязаны з правядзеннем фестываляў і спартакіяд моладзі і студэнтаў, дзяржаўных святаў, летніх «працоўных» семестраў і інш. Імкненне функцыянераў аб'яднаць у камсамоле максімум юнакоў і дзяўчат праблемы камуністычнага выхавання не вырашала.

У 1977 г. была прынята трэцяя Канстытуцыя СССР. У шостым артыкуле вызначалася роля партыі як кіруючай сілы савецкага грамадства і тым пацвярджалася манапольнае становішча КПСС у савецкай палітычнай сістэме. Там жа паведамлялася аб з'яўленні ў СССР новай сацыяльнай і інтэрнацыянальнай супольнасці - савецкага народа. У выніку КПСС ператваралася ў агульнародную, а Саветы працоўных дэпутатаў у Саветы народных дэпутатаў. Але сама ўлада агульнанароднай так і не зрабілася. Нягледзячы на адмову ад сталінізму як ідэалогіі і практыкі савецкага будаўніцтва, партыйныя лідэры не адмовіліся ад камандна-адміністрацыйных метадаў кіравання.

Вярхі кіруючай партыі з часоў Леніна фарміравалі і фармулявалі адзіную для ўсіх савецкіх грамадзян ідэалогію. Па сутнасці, усё грамадска-палiтычнае жыццё было запраграмаваным і падкантрольным партыйным органам. Яно было моцна ідэалагізаваным ва ўсіх яго формах і праявах. Адной з мэтаў усёй ідэйна-выхаваўчай дзейнасці - натхніць працоўныя масы на пабудову матэрыяльна-тэхнічнай базы камунізма. Высокі працоўны рытм павінны былі забяспечыць заклікі аб датэрміновым выкананні пяцігодак, кампаніі (ініцыятывы, пачыны, ударныя вахты і г.д.), кампаніі: «60-годдзю ўтварэння СССР - 60 ударных тыдняў», «Пяцiдзённае заданне - у чатыры днi», «ХХVI з'е-зду партыi - 26 ударных вахт». Неад'емнай рысай грамадска-палітычнага жыцця часоў Л. Брэжнева і яго паслядоўнікаў з'яўлялася святкаванне шматлікіх «чырвоных датаў» і юбілеяў

Ідэалагічныя ўстаноўкі ўкараняліся ў жыццё з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі - тэлебачання, радыё, прэсы - пастаянна, метадычна, разам і паасобку. Усе члены КПСС і кіраўнікі розных рангаў былі абавязаны выпісваць партыйныя ці ведамасныя газеты.

У савецкіх ідэалагічных матэрыялах праблема агульначалавечых каштоўнасцей нават не прыгадвалася, а мiжнародны рух супраць парушэння правоў чалавека ў СССР трактаваўся iдэалагiчнымi работнiкамi як iнспiраваны мiжнародным iмперыялiзмам. Уся iнфармацыя аб няшчасных выпадках у вытворчасці, авіякатастрофах, прыродных катаклізмах жорстка дазіравалася, або наогул замоўчвалася. Так, беларускія СМІ не паведамілі аб разгроме жыхарамі Слуцка будынку суда (1967), ахвярах выбуху цэху футараляў Мінскага радыёзавода (1972) і крушэння электрацягніка (1977) і многіх іншых.

Такое становішча, калі рэчаіснасць не адпавядала паведамленням савецкіх СМІ, давер да іх зніжаўся і людзі шукалі іншыя крыніцы інфармацыі, як правіла, на хвалях радыёстанцый Бі-Бі-Сі (Лондан), «Нямецкая хваля» (Мюнхен), «Голас Амерыкі» (Вашынгтон) і інш.

Антыкамуністычная дзейнасць заходніх спецслужб знаходзіла ўрадлівую глебу сярод часткі інтэлігенцыі, так званых «шасцідзесятнікаў», паборнікаў правоў чалавека і іншых грамадзян, якія дэманстравалі сваю антыпатыю савецкай палітычнай сістэме, называлі сябе «ўнутранай апазіцыяй» або дысідэнтамі, распаўсюджвалі друкаваныя творы (так званы самвыдат) забароненых аўтараў і інш.

Не меншую шкоду прэстыжу краіны наносіла інспірыраваная КПСС хваля антысемітызму. Для яўрэяў былі ўведзены абмежаванні па прыёме на працу, прасоўванні па службовай лесвіцы, уступленні ў партыю, выездзе за мяжу. На Беларусі дыскрымінацыя яўрэяў вылілася ў непрыхаваную юдафобію, якая знайшла «навуковае» абгрунтаванне ў працах філосафа Ў. Бягуна «Ползучая контрреволюция» і вялікую папулярнасць у тых, хто iмкнуўся перакласцi сваю слабую кампетэнтнасць у эканомiцы, культуры, палітыцы на сiянiсцкiя падкопы.

У 1964-1985 гг. сярод 15 саюзных рэспублік БССР уяўляла сабой развіты ў эканамічным плане рэгіён. Яе магутная партыйная арганізацыя забяспечвала поўнае і своечасовае выкананне ўсіх задач, пастаўленых ЦК КПСС перад беларускім народам. Таму спрыяла працяглае - з 1965 па 1980 гг. знаходжанне на пасадзе І сакратара ЦК КПБ П.М. Машэрава, які карыстаўся глыбокай павагай усяго беларускага народа. Пад час вырашэння тых ці іншых праблем ён сыходзіў з партыйных інтарэсаў і шмат у чым спрыяў працэсу «росквіту і збліжэнню нацый», аддаючы перавагу інтэрнацыянальным і класавым каштоўнасцям перад нацыянальнымі і агульнароднымі. Так, на Красавiцкiм (1974) Пленуме ЦК КПБ П. Машэраў упікнуў навукоўцаў у тым, што «ў некаторых публiкацыях, у тым лiку аб народных паэмах «Энеiда навыварат», «Тарас на Парнасе», у працах аб Еўфрасiннi Полацкай, Сматрыцкiм, Зiзанii, праявiлiся адгалоскi пазакласавага аб'ектывiзму, iдэалiзацыя асобных багасловаў як выдатных асветнiкаў».

Разам з тым пры П. Машэраве народу навязваўся вульгарны iнтэрнацыяналiзм, а па сутнасцi, нацыянальны нiгiлiзм. Гiсторыя народа падмянялася гiсторыяй партыi. Беларускай мовай стала пагарджаць інтэлігенцыя і нават сяляне. Аб творчых калектывах «Песняры», «Верасы», «Харошкі» ведалі ў СССР і ў далёкім замежжы, але гэта была толькі знешняя бачнасць паспяховасці беларускай культуры. На справе, у рэспубліцы колькасць беларускіх школ скарачалася, а ў гарадах яны зніклі наогул. Толькі 30% вучняў рускіх школ вывучалі беларускую мову, а ў Мінску нават - 10%. Пасля трагічнай гібелі П. Машэрава (1980), калі ЦК КПБ узначальвалі Ц.Я. Кiсялёў (да 1983) i М. Слюнькоў (да 1986) курс ЦК КПСС на «росквiт i зблiжэнне нацый» даваў найлепшы плён менавіта на Беларусі.

Абсалютызацыя ідэі інтэрнацыяналізму ў спалучэнні са сталінскімі метадамі іх ажыццяўлення выразна выявілі сябе ў міжнароднай палітыцы СССР. Не палепшылася становішча і з прыходам на пасаду

Генеральнага сакратара Ю. Андропава (з лiстапада 1982 па люты 1984). З улікам псіхафізічнага стану партыйнага кіраўніцтва наяўнасць у СССР велізарнай колькасці ядзернай зброі не выключала магчымасці іх выкарыстання. Пасля таго, як у 1984 г. савецкі знішчальнік збіў паўднёва-карэйскі пасажырскі самалёт, многія краіны свету сапраўды атрымалі падставу лічыць СССР «імперыяй зла».

Ва ўнутранай палітыцы Ю. Андропаў спрабаваў удасканаліць сістэму за кошт яе ачышчэння ад часткі карумпаванай наменклатуры і ўмацавання дысцыпліны ў грамадстве, але рабіў гэта сталінскімі метадамі, і не меў поспеху. Пасля яго смерцi i прыходам да ўлады К. Чарненкi (люты 1984-сакавік 1985) гэтая кампанiя сцiхла. Новы лiдэр заняў вышэйшую пасаду, будучы ў стане смяротнай хваробы, і як кіраўнік нічым істотным не вызначыўся. Частыя перабраннi кiраўнiцтва з асяроддзя старых марксiстаў-ленiнцаў, пераiменаваннi у iх гонар гарадоў i устаноў, у лепшым выпадку, не спрыялi павышэнню аўтарытэту партыi, а з другога боку, сведчылi аб пагаршэннi маральна-палiтычнага клiмату ў СССР.

Перыяд з 1964 па 1985 гг. па вартасці часта называюць часам «застою», страчаных магчымасцей, крызісу марксісцка-ленінскай ідэалогіі і сацыялістычнай сістэмы гаспадарання. Для БССР - гэта час росквіту ідэйна-палітычнага канфармізму грамадзян, пашырэння сярод іх нацыянальнага нігілізму і заняпаду беларускай школы.

7. Спробы мадэрнізацыі савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў перыяд перабудовы

З сярэдзіны 1980-х гг. у грамадстве ўзрастала ўсведамленне неабходнасці перамен да лепшага. Такія ж настроі ўзніклі нават у часткі членаў ЦК КПСС. У іх ліку быў таксама М.С. Гарбачоў, у сакавіку 1985 г. абраны Генеральным сакратаром партыі. Менавіта з ім звязана новая эпоха ў гісторыі СССР - перабудова, сутнасць якой мыслілася ў стваральнай працы па ўдасканаленнi сацыялiзму, а яе мэтай - у паскарэннi прагрэсу савецкага грамадства. Першым крокам у гэтым напрамку сталі заканадаўчыя акты ЦК КПСС і Саўміна СССР ад 7 і 16 мая 1985 г., скіраваныя супраць п'янства. Самі працоўныя выразнага энтузіязму да заклікаў аб удасканаленні сацыялізму не выказвалі, а антыалкагольную кампанію сустрэлі ў цэлым адмоўна. Менавіта таму на XXVII з'ездзе КПСС (25 лютага - 6 сакавiка 1986), які пацвердзіў курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця СССР, гаворка пайшла аб неабходнасці свядомага, асэнсаванага ўдзелу ўсіх савецкіх людзей у абвешчаным партыяй курсе. У гэтай сувязі дэпутаты выказаліся за дэмакратызацыю грамадскага жыцця і яе атрыбут - галоснасць.

Моцнай перашкодай на шляху абвешчанага партыяй курса зрабілася Чарнобыльская катастрофа 26 красавіка 1986 г., якая, акрамя іншага, чарговы раз выявіла існуючай сістэмы гаспадарання і кіравання.

Адным са спосабаў зняцця маральна-псіхалагічнай напружанасці ў грамадстве стала прадастаўленне старонак газет і часопісаў для выступлення простых грамадзян з крытычнымі заўвагамі, скаргамі, прапановамі і г.д. М. Гарбачоў свядома ішоў на развіццё галоснасці, будучы ўпэўненымі ў ачышчальнай сіле праўды і адкрытай, зразумелай людзям палітыкі. З яго дазволу ў снежні 1986 г. у Маскву са ссылкі вярнуўся ідэйны лідэр дысідэнтаў акадэмік А. Сахараў, што значна павысіла давер інтэлігенцыі да палітыкі перабудовы.

Студзеньскi (1987) Пленум ЦК КПСС прыняў новую рэфарматарскую стратэгію аб'яднання сацыялізму з дэмакратыяй і рынкам - так званую «мадэль сацыялізма з чалавечым тварам». Лістападаўскі (1987) Пленум ЦК пайшоў яшчэ далей: з нагоды 70-годдзя Вялiкага Кастрычнiка на ім была прадпрынята спроба асэнсавання ўсяго шляху пабудовы сацыялізму. У выніку партыйная эліта прыйшла да высновы, што рэвалюцыйныя лозунгі 1917 г. у многім засталіся нерэалізаванымі. Адсюль вынікаў чарговы лозунг: «Рэвалюцыя працягваецца». У гэтай сувязі абвяшчалася рэформа палітычнай сістэмы, скіраваная на дасягненне паўнаўладдзя Саветаў, фарміравання механізмаў грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы.

У 1987 г. працэс развіцця галоснасці выклікаў небывалы ўздым грамадскай цікавасці да айчыннай гісторыі савецкага часу. Дзякуючы публікацыям навукоўцаў і жывых сведак, сталі асвятляцца «закрытыя» раней тэмы і факты. У бібліятэках сталі даступнымі «закрытыя» фонды, а ў архівах - «спецсховішчы».

1 лістапада 1987 г., у скверы Я. Купалы ў Мінску пад час святкавання «Дзядоў» упершыню публічна прагучала асуджэнне сталінскага тэрору. Кіраўніцтва краіны распарадзілася аб аднаўленні працы па рэабілітацыі ахвяр сталінскага рэжыму. Створаная камісія Палітбюро па дадатковым вывучэнні рэпрэсій 1930-1940-х гг. пастанавіла рэабілітаваць Л. Каменева, Р. Зіноўева, А. Рыкава, М. Бухарына, Л. Троцкага. У ліку іншых быў рэабілітаваны і Дз. Жылуновіч.

ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС, якая адбывалася ў Маскве ў чэрвеня - ліпені 1988 г., стала важнейшай палітычнай падзеяй года. Прынятыя канферэнтамі рэзалюцыі былі скіраваны на ўтварэнне ў СССР «сацыялістычнай прававой дзяржавы» і грамадзянскай супольнасці на аснове ліберальных каштоўнасцей (прынцып падзелу ўлад, альтэрнатыўныя выбары, скасаванне цэнзуры, права чалавека і інш.).

Стымулюючым фактарам развіцця перабудовы мусіла адбыцца перадача ўлады ад КПСС да Саветаў народных дэпутатаў. Вышэйшым органам дзяржаўнай улады мусіў стаць з'езд народных дэпутатаў СССР. Для таго ў снежні 1988 г. былі ўнесены змены ў выбарчую сістэму, якая б гарантавала дэмакратычнае абранне вышэйшага саюзнага органа заканадаўчай улады ў складзе 2 250 чал.

Агульныя выбары адбываліся 26 сакавіка 1989 г. У ліку дэпутатаў ад БССР былі абраны А. Адамовіч, У. Бядуля, Г. Бураўкін, В. Быкаў, У. Ганчарык, М. Дземянцей, А. Дабравольскі, А. Дубко, А. Жураўлёў, В. Кебіч, І. Лучанок, Я. Сакалоў і іншыя.

Скліканы 25 мая І з'езд народных дэпутатаў СССР стаў пастаянна дзеючым парламентам. Старшынём з'езда і Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР быў абраны М. Гарбачоў. З ліку дэпутатаў, якія найбольш актыўна выступалі супраць памяркоўна-рэфармацыйнага курса з'езда, утварылася Міжрэгіянальная дэпутацкая група (МДГ) на чале з Б. Ельцыным, Ю. Афанасьевым, Г. Паповым, А. Сахаравым і інш. У верасні 1989 г. члены МДГ распрацавалі комплекс неабходных патрабаванняў - скасавання шостага артыкула Канстытуцыі СССР аб «кіруючай ролі КПСС» і прыняцця шэрагу новых законаў.

Міжрэгіянальная дэпутацкая група аказала моцны ўплыў на фарміраванне праграмы дэмакратычнага руху ў Расіі, у тым ліку на працэс пазбаўлення ад ідэалогіі «гуманнага сацыялізма» або «сацыялізма з чалавечым тварам». Так, 11 сакавіка 1990 г. Пленум ЦК КПСС вырашыў адмовіцца ад канстытуцыйных гарантый партыйнай манаполіі на ўладу і выказаўся за ўвядзенне ў краіне інстытута прэзідэнцтва. Трэці, нечарговы з'езд народных дэпутатаў (12-15 сакавіка 1990) выбраў М. Гарбачова Прэзідэнтам СССР і ануляваў шосты артыкул Канстытуцыі. У выніку шматпартыйная сістэма рабілася рэальнасцю.

Такой самай рэальнасцю зрабілася імкненне народаў СССР да перагляду свайго нацыянальна-прававога статусу. Пачаткам абнаўленчага працэсу мусіла стаць прыняцце 12 чэрвеня 1990 г. І з'ездам народных дэпутатаў РСФСР пад старшынствам старшыні Вярхоўнага Савета Б. Ельцына Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Услед за Ўкраінскай ССР 27 ліпеня 1990 г. Дэкларацыю аб суверэнітэце БССР прыняў Вярхоўны Савет рэспублікі пад старшынствам М. Дземянцея.

Паступовае ўстараненне КПСС ад кадравых функцый разбурала механізм дзяржаўнага кіравання СССР. Замена існаваўшага парадку прызначэння на пасады сістэмай альтэрнатыўных выбараў кіраўнікоў ва ўстановах і арганізацыях аслабіла патэнцыял КПСС і веру людзей у сацыялізм. Так, 26 кастрычніка 1990 г. мінскі палітклуб «Камуніст» звярнуўся «да членаў Кампартыі Беларусі, да ўсіх грамадзян рэспублікі, якія захавалі вернасць ідэалам Вялікага Кастрычніка» з заклікам «Ні кроку назад, таварышы». Любымі сродкамі захаваць таталітарны рэжым - распаўсюджаннем цемрашальства, юдафобіі і іншай навалачы - такой была мэта органа ЦК КПБ «Политический собеседник».

Такім чынам, за час знаходжання М. Гарбачова на пасадзе Генеральнага сакратара КПСС савецкая палітычная сістэма набыла істотныя змены, пры чым, не зусім такія, на якія разлічвалі сам ініцыятар перабудовы і яго бліжэйшае атачэнне.

Па-першае, хоць са сталінізмам было пакончана, але пабудовы «сацыялізму з чалавечым тварам» не адбылося.

Па-другое, КПСС страціла канстытуцыйную гарантыю кіруючай сілы грамадства і ператварылася ў адну з многіх партый у шматпартыйнай сістэме. Марксізм-ленінізм як пануючая ідэалогія быў адкінуты. Яму на змену прыйшоў ідэйны плюралізм.

Па-трэцяе, рэспубліканскія партыйныя арганізацыі, у тым ліку КПБ, сталі заяўляць аб сваёй самастойнасці. Пры гэтым многія з іх, у тым ліку КПБ, не падзялялі курса М. Гарбачова і абвінавачвалі яго самога ў здрадзе справе камунізму.

Па-чацвертае, у зноў створаных на дэмакратычнай аснове Саветах усіх узроўняў - ад Вярхоўнага да сельскага - роля камуністаў па-ранейшаму заставалася вызначальнай. У выніку, змены да лепшага амаль не адбываліся.

Па-пятае, распачатая дэмакратызацыя і спробы ўдасканаліць саюзны дагавор узмацнілі ў нацыянальных рэгіёнах цэнтрабежныя тэндэнцыі, што ў многім падрыхтавалі распад СССР. Дэкларацыя аб суверэнітэце БССР асаблівага энтузіязму ў кіруючых колах не выклікала.

У выніку разам з яшчэ не знішчанай таталітарнай палітычнай сістэмай у СССР узніклі і набылі тэндэнцыю да ўзмацнення элементы дэмакратычнай сістэмы з уласцівымі ёй правамі і свабодамі людзей, шматпартыйнасцю, абіраемымі органамі ўлады, вяршэнствам закону, незалежнымі СМІ і г. д. У гэтых адносінах палітычнаму рэжыму БССР былі характэрны крайні кансерватызм і канфрантацыйнасць. Невыпадкова, что КПБ, якая ўвасабляла гэты рэжым, набыла назву «анты-перабудовачнай Вандэі» - сілы, скіраванай супраць рэвалюцыйнага абнаўлення грамадства.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя Беларусі: Вуч. дапаможнік. / Пад рэд. А.П. Ігнаценка. - Мн., 1994.

2. Сяменчык М.Я. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / М.Я. Сяменчык - Мн., 2009 г.

3. Храналогія гісторыі Беларусі / Склад. В.В. Гетад, M.I. Калінскі. 3 - е выд. - Мн., 1992.

4. Шымукович С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / С.Ф. Шымукович. - Минск, 2005. - 235 с.

Страницы: 1, 2, 3