скачать рефераты

скачать рефераты

 
 
скачать рефераты скачать рефераты

Меню

Развіццё феадальнай гаспадаркі на Беларусі ў ХІІІ–ХVІІ стагоддзя скачать рефераты

b> Станаўленне фальваркава-паншчыннай гаспадаркі. Аграрная рэформа 1557 г. Асноўныя этапы юрыдычнага афармлення прыгоннага права

З канца XV ст. ў Заходняй Еўропе з ростам насельніцтва, асабліва гарадскога, і хуткім развіццём гаспадаркі ўзрос попыт на зерне і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Вялікае княства Літоўскае, гаспадарка якога была звязана з еўрапейскай, адрэагавала адпаведна попыту суседзяў. З мэтай атрымаць больш прадукцыі была праведзена рэарганізацыя сельскай гаспадаркі. Прычыны рэарганізацыі:

Першая - попыт на зерне на міжнародным рынку.

Другая - архаічная, стракатая сістэма абкладання павіннасцямі, што толькі прыблізна ўлічвала рэсурсы адзінкі абкладання.

Трэцяя - цяжкі фінансавы стан скарбу ВКЛ.

Каб павысіць прыбыткі з дзяржаўных зямель, вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст ажыццяўляе ў дзяржаўных маёнтках рэформу, якая атрымала назву "валочная памера". Асноўны дакумент - інструкцыя - "Уставы на валокі", які датаваны 1 красавіка 1557 г. На яго падставе была праведзена суцэльная рэвізія ўладанняў. У 1568 г. усе дзяржаўныя ўладанні заходняй часткі княства былі ахоплены рэформай.

Асноўныя прынцыпы рэформы.

Дакладны ўліку зямель.

Абкладанне сялян павіннасцямі прапарцыянальна занятай зямлі.

Вылучэнне адзінай пазямельнай меры - валокі.

За карыстанне валокай вызначаліся пэўныя павіннасці.

Ход рэформы:

Уся зямля ў маёнтку дзялілася на валокі, лепшыя з якіх адводзіліся пад вялікакняжацкія гаспадаркі - фальваркі. Астатнія раздаваліся сялянам у падворнае землекарыстанне.

Суадносіны велічыні фальваркавага і сялянскага ворыва ў дзяржаўным маёнтку вызначаліся 1: 7. Гэта значыць, апрацоўку адной фальваркавай валокі рабілі сем сялянскіх валок.

Сялянская сям'я ў залежнасці ад колькасці ворыва ў той ці іншай мясцовасці, магчымасцяў апрацоўкі (колькасці рабочых рук, цяглавай жывёлы, прылад працы) атрымлівала валоку ці яе частку, з якой выконвала дакладна ўстаноўленыя павіннасці.

Надзел падзяляўся на тры часткі. Гэта забяспечвала прымусовы трохпольны севазварот, што спрыяла росту ўраджайнасці. Рэформа спрыяла распаўсюджванню перадавой агракультуры.

Валочныя надзелы падзяляліся на цяглыя (паншчынныя) і асадныя (чыншавыя), вольныя (для сялян-слуг, што вызваляліся ад спецыфічных павіннасцей сялян іншых катэгорый). Цяглыя сяляне абавязваліся адпрацоўваць паншчыну два дні на тыдзень, выходзіць на гвалты і талокі, а таксама плаціць чынш які залежаў ад якасці глебы. Асадныя сяляне павінны былі плаціць па 30 грошаў з кожнай валокі, адбываць за год 12 талок або плаціць за іх 12 грошаў, а замест гвалтоў даваць бочку жыта ці 10 грошаў. Кошт сялянскіх павіннасцяў з валокі сярэдняй якасці глебы складаў значную суму.

Пры правядзенні рэформы не было рэгламентацыі або абмежаванняў у надзяленні сялян зямлёй. Сялянская гаспадарка магла ўзяць валоку ці яе частку. Валока складала 30 моргаў, ці 21,36 га. Па якасці глебы валокі былі “добрыя”, “сярэднія”, “дрэнныя” і “вельмі дрэнныя”. Агульны памер павіннасцяў упершыню быў абумоўлены памерам надзелу і якасцю глебы.

Вынікі правядзення рэформы:

Сяляне страцілі правы на зямельныя ўчасткі, якія традыцыйна лічыліся ў іх спадчынным валоданні.

Іх палеткі ў большасці сталі меншымі - дымы і дворышчы не маглі выканаць усе павіннасці, якія прызначаліся з ранейшых надзелаў.

Асноўнымі формамі павіннасці стала паншчына на захадзе, на усходзе - чынш.

З'явіліся пустыя валокі, якія ўтварылі рэзервовы зямельны фонд.

Павялічаліся прыбыткі дзяржаўнага скарбу і феадалаў.

Прынцыпы рэфармавання былі пераняты прыватнымі землеўладальнікамі, у першую чаргу буйнымі.

На захадзе і ў цэнтры Беларусі, дзе імкліва ствараліся фальваркі, сялянская абшчына была разбурана, на ўсходзе яна захавалася, але была падпарадкавана феадалам.

Як ужо адзначалася, правядзенне рэформы, яе тэмпы былі розныя ў тых ці іншых рэгіёнах Беларусі. У цэнтры і на захадзе памешчыцкія гаспадаркі былі цесна звязаны з рынкам, яны актыўна выкарыстоўвалі сваё права бяс-пошліннага гандлю. Рэформа тут была завершана да канца XVI ст. На паўночным усходзе Беларусі, дзе ішла Лівонская вайна (1558 - 1583 гт.) і землі займаліся рускімі войскамі, а таксама на ўсходзе, дзе Вялікае княства ме-жавала з Маскоўскай дзяржавай, вялікі князь і феадалы не маглі ажыццяўляць пераўтварэнні так паслядоўна і актыўна, як на захадзе. Фальваркавая сістэма не стала тут пераважнай. Насельніцтва ў асноўным пераводзілася з даніны на чынш. Валочны надзел на ўсходзе параўнальна шырока зацвердзіўся толькі ў першай палове XVII ст., рэформа зацягнулася больш чым на сто гадоў.

Правядзенне аграрнай рэформы і ўпарадкаванне павіннасцяў суправаджалася замацаваннем сялян за зямлёй, ператварэннем розных іх катэгорый у адзін клас-саслоўе - прыгоннае сялянства.

Прыгонны стан сялянства замацоўваўся заканадаўча на працягу некаторага часу:

Прывілей 1447 г., пацвердзіў даўняе права феадалаў на вотчынны суд, што ставіла ў значную залежнасць ад яго рашэнняў сялян.

Першы Статут ВКЛ 1529 г. адмаўляў сялянам у праве ўласнасці на зямлю. Яны страчвалі права ёю распараджацца без згоды феадала. "Уставай на валокі" (1557 г.) дзяржаўныя сяляне фактычна замацоўваліся за зямельнымі надзеламі.

Другі Статут ВКЛ 1566 г. уводзіў 10-гадовы тэрмін пошуку беглых ці крадзеных сялян і адміністрацыйныя пакаранні супраць тых, хто іх хаваў. Забаранялася хаваць сялян ў гарадах.

Трэці Статут ВКЛ (1588 г.) падоўжыў тэрмін пошуку беглых да 20 гадоў, пазбаўляў сялян права пераходу і залічваў у стан непахожых людзей тых, хто пражываў на зямлі феадала 10 гадоў. Тэарэтычна селянін мог адкупіцца, заплаціўшы 10 коп грошай, а таксама ўсе пазыкі і дапамогі, якія ён атрымаў ад пана, аднак выплаціць такія грошы было вельмі цяжка.

У канцы XVI - першай палове XVII ст. у ВКЛ канчаткова фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Селянін быў пазбаўлены права свабодна распараджацца сваёй спрадвечнай маёмасцю. Селянін стаў аб'ектам залогу, куплі-продажу як з зямлёй, так і без яе. Феадал мог судзіць селяніна.

Сістэма пазямельных адносін, якая стыхійна складвалася на працягу стагоддзяў, у ходзе аграрнай рэформы другой паловы XVI - першай паловы XVII ст. была ўпарадкавана. Адзінкай падаткаабкладання стала валока зямлі. Сялянскія сем'і замацоўваліся за валокай ці яе часткай, станавіліся як бы дадаткам да яе, часткай уласнасці землеўладальніка.

Развіццё рамяства і гандлю, таварна-грашовых адносін. Беларускія гарады

У XIII - першай палове XVII ст. у ВКЛ, як і ў Еўропе, адбываецца бурнае развіццё рамеснай вытворчасці. Прычыны гэтага: па-першае рост прадукцыйнасці сельскагаспадарчай працы і прыбавачнага прадукту, што дазваляла пракарміць значную частку насельніцтва, не звязаную з сельскагаспадарчай вытворчасцю; па-другое феадалы, а таксама заможныя сяляне імкнуліся купляць добра вырабленыя прылады працы, прадметы быту, якія ў сваю чаргу спрыялі павьшэнню вытворчасці сельскагаспадарчай працы.

У гэты перыяд рамеснікі канцэнтруюцца у мястэчках (невялікіх паселішчах гарадскога тыпу) і гарадах. Развіццё рамяства спрыяла іх росту і росквіту.

На Беларусі былі шырока распаўсюджаны розныя віды рамёстваў. Апрацоўка металаў набыла шырокую спецыялізацыю (не менш 25 прафесій, у тым ліку кавалі, слесары, кацельшчыкі, меднікі, лудзільшчыкі, бляхары і інш.). Асобнай прафесіяй быў выраб зброі.

Сыравіна - балотная руда. Рудні звычайна знаходзіліся ў сельскай мясцовасці, у іх існаваў падзел працы, яны ўяўлялі сабой пачаткі мануфактуры. Каштоўныя металы завозілася на Беларусь з Заходняй Еўропы, часткова з Усходу.

Ювеліры працавалі перш за ўсё на феадалаў і царкву, рабілі з золата і срэбра ўпрыгажэнні, пераплёты царкоўных кніг. Ювелірам-гравільшчыкам забаранялася выязджаць з княства ў Еўропу.

Апрацоўка дрэва (было да 27 прафесій). Вырабляліся асноўныя часткі плугоў, сох, лапаты, вёслы, граблі, а таксама посуд і іншы інвентар.3 дрэва будавалі жыллё, гаспадарчыя памяшканні, павозкі, караблі. Дрэваматэрыялы і вырабы з дрэва вывозіліся на экспарт.

Ганчарства. Ганчарныя вырабы карысталіся вялікім попытам, цэны на іх былі адносна невялікія. Акрамя посуду, часта аздобленага зялёнай палівай, у XV - XVI стст. значна пашырылася вытворчасць цэглы, чарапіцы, кафлі, што было выклікана павелічэннем будаўніцтва крэпасцяў, замкаў, ратуш, культавых пабудоў.

Апрацоўка скур: гарбарнае, рымарнае, шавецкае, кушнерскае рамёствы. У гарбарнай вытворчасці да сярэдзіны XVII ст. было каля 25 прафесій. Скура і замша карысталіся попытам на ўнутраным і на знешнім рынку, вывозіліся ў Польшчу і Заходнюю Еўропу.

Ткацкая справа. Ткацтвам з воўны, ільну займаліся не толькі рамеснікі, але і сяляне і гараджане для сваіх патрэб.3 мясцовых тканін краўцы шылі аддзенне. Шаўцы пад канец XV ст. пачалі вырабляць абутак з цвёрдай падэшвай і абцасам.

У другой палове XVI ст. большая частка насельніцтва беларускіх гарадоў займалася рамяством. Дакументы нагадваюць больш за 100 прафесій і спецыяльнасцяў, у тым ліку: півавары, мяснікі, муляры, скрыннікі, рэзнікі і інш. У пачатку XVII ст. колькасць рамесных прафесій і спецыяльнасцяў падвоілася. Асноўнай стала работа не на заказ, а на продаж.3'яўляецца асоба скупшчыка, што арганізуе рэгулярны гандаль.

З другой паловы XVI ст. рамеснікі аб'ядноўваюцца ў цэхі (брацтвы). Цэхі аб'ядноўвалі рамеснікаў аднаго веравызнання. Яны прымалі рамеснікаў адной ці некалькіх сумежных спецыяльнасцяў і абаранялі іх ад канкурэнцыі з боку прышлых сельскіх і іншагародніх рамеснікаў. Не прынятым ў цэх “пакутнікам" ці “партачам" забаранялася займацца рамяством. Звычайна гэта катэгорыя рамеснікаў вырабляла рэчы больш нізкай якасці, чым патрабавалася цэхам, прадавала іх больш танна.

Структура цэха

У склад цэха ўваходзіла каля 60-100 чалавек. На вышэйшай прыступцы стаялі майстры. Яны мелі ва ўласнасці прылады працы і майстэрні, дасканала валодалі прафесіяй. З іх ліку на год выбіраўся кіраўнік цэха - стараста, ці цэхмістр. Чаляднікі ("таварышы", "пахолкі") працавалі ў якасці падручных у майстроў. Яны прайшлі курс навучання, але не мелі сваіх прылад працы і не атрымалі статусу майстра. Вучні майстроў зваліся хлопцамі, ў доме майстра былі ў якасці прыслугі, бясплатных і бяспраўных работнікаў. Тэрмін вучнёўства ў розных рамёствах быў ад трох да пяці гадоў. Потым чаляднік тры - чатыры гады працаваў у майстра, і яшчэ паўтара - тры гады вандраваў па іншых гарадах. Пасля вяртання з вандроўкі чаляднік з дазволу сходу майстроў рабіў “шэдэўр" - складаную рэч, каб падцвердзіць сваю кваліфікацыю. Пасля экзамену і шыкоўнага застолля чаляднік пераводзіўся ў майстры.

Рэдкія цэхавыя статуты на Беларусі абмяжоўвалі колькасць чаляднікаў і вучняў у майстра, ці ўстанаўлівалі вызначаную колькасць заказаў і забаранялі працу на скупшчыкаў.

Жыццё цэхаў праходзіла ў адпаведнасці з трывалымі традыцыямі, якія старанна захоўваліся.1-2 разы ў месяц праходзілі сходы і паседжанні цэхавой вярхушкі. Пад час ваенных дзеянняў цэх пераўтвараўся ў узброены атрад, абараняў адведзены яму кавалак гарадскіх умацаванняў.

У гэты час у буйнейшых гарадах колькасць цахоў хутка павялічвалася да некалькіх дзесяткаў. У Мінску на сярэдзіну XVII ст. было 9, у Слуцку 17, у Магілеве 21, у Брэсце 14 цахоў.

Гандаль

Прыкметы развіцця гандлю да сярэдзіны XVII ст.:

1. Складваецца сістэма гандлёвых устаноў. Наладжваецца пастаянны гандаль па гарадах у лавах і крамах. Кожны тыдзень у мястэчках і гарадах праходзілі таргі (пераважалі аптовыя і дробнааптовыя аперацыі) і ў буйных гарадах кожны год праводзіліся адна-дзве ярмаркі, дзе шырока былі прадстаўлены замежныя купцы і разам з гандлем у розніцу праводзіліся буйныя аптовыя аперацыі.

2. Ідзе працэсс аб'яднання гандлёвага люду. Адначасова з рамеснікамі пачалі ствараць свае аб'яднанні (брацтвы ці гільдыі) купцы. Яны атрымлівалі гандлёвыя прывілеі - іншагароднім купцам забаранялася весці рознічны гандаль і рабіць закупкі па навакольных весках. Усе аперацыі павінны былі праходзіць толькі на мясцовым рынку пад наглядам спецыяльных “інстыгатараў”. Яны таксама наглядалі за дакладнасцю вагаў, бязменаў, якасцю тавару.

3. XVI ст. вызначаецца пераходам мясцовага гандлю на больш высокую прыступку. Рэгулярны мясцовы абмен горад-веска дапаўняецца рэгулярнымі адносінамі на ўзроўні розных рэгіёнаў краіны. Трывалымі гандлёвымі сувязямі былі звязаны Смаленск, Віцебск, Полацак. Цесна былі звязаны гарады поўдню Беларусі, а таксама Пандяпроўе з Падзвіннем і цэнтрам княства. Гэтыя адносіны стымулявалі будаўніцтва дарог-гасцінцаў. Самая вялікая звязвала Брэст, Мінск з Оршай і Смаленскам.

4. Садзейнічае унутраннаму гандлю выразная спецыялізацыя рэгіенаў. Слуцк спецыялізуецца на металаапрацоўцы, Магілеў - на скарняжным рамястве, Гродна - на мылаварэнні і г. д.

5. Пашыраліся аб'ёмы экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі. Галоўныя прадукты экспарту - збожжа, сала, воск, лес, скуры, смала, дзёгаць, лен, хмель, попел, пянька, радзей - рамесніцкія вырабы.

Імпарт складалі наступныя тавары: жалеза, медзь, волава, свінец, вырабы з металу, зброя, сукно, перац, віна, соль.

У знешнім гандлі шырока ўдзельнічалі феадалы, яны мелі вызваленне ад мыта.

6. Значна пашырыўся пасрэдніцкі гандаль расійскімі таварамі - воскам, футрам каштоўных жывел.

Грашовае абарачэнне

У гэты перыяд грошы амаль паўнасцю выцеснілі натуральны абмен. У пачатку датаванага перыяду нярэдка як грошы выкарыстоўваліся каштоўныя футры ці прадаўгаватыя срэбныя зліткі - грыўны (ізгоі) - масай 100, 160, 200 г.

Найбольш развітай у Вялікім княстве Літоўскім была віцебска-полацкая грашовая сістэма. Яе грашовыя адзінкі мелі агульнаўсходнеславянскія назвы: нагата і грыўна. У пачатку XIV ст. у гэтую сістэму ўвайшлі пражскія грошы і рублі - масай каля 189 г. У першай палове XVI ст. полацка-віцебская грашовая сістэма мела наступны выгляд: ізгой ці літоўская грыўна (108,0 г) = 30 пражскім грошам (па 3,6 г) = 180 заўшням (па 0,6 г) = 300 далгеям (па 0,36 - 0,42 г). Рубель (189,0 г) = 105 нагатам (па 1,8 г) = 52,5 грошам = 315 заўшням = 525 далгеям. Праз пражскі грош - найбольш распаўсюджаны сродак платы таго часу - гэтыя дзве галіны сістэмы аб'ядноўваліся ў адну.

У канцы XIV - пачатку XV ст. у ВКЛ ўстанаўліваецца адзіная агульнадзяржаўная грашова-вагавая сістэма, складзеная на падставе полацка-віцебскай сістэмы. Яна мае выгляд: рубель (каля 180 г) == 100 пражскім грошам = 1000 пенязям. Каля 1492 г. у Вільні пачаў працаваць дзяржаўны манетны двор, дзе друкаваліся паўгрошы, а пазней дынарыі. Да таго грашовая сістэма была заснавана на замежных грашовых адзінках.

3 эканамічным узмацненнем дзяржавы (з пачатку XVI ст.) яна пачала гарантаваць кошт сваіх грошай, у выніку ўводзіцца грашовая сістэма не па масе манеты, а па намінале, нярэдка па прымусовым курсе (калі каштоўнасць самой манеты не адпавядала яе наміналу).

У XIV ст. на тэрыторыі Беларусі было больш за 40 гарадоў. У сярэдзіне XV ст. з пералічаных у прывілеі 15 найбольш буйных гарадоў Вялікага княства Літоўскага сем знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі: Полацк, Віцебск, Слуцк, Мінск, Брэст, Гродна, Навагародак. Сюды трэба дадаць і Вільню як цэнтр фарміравання беларускай культуры і народнасці.

У XV ст. многія крэпасці, замкі і гаспадарчыя двары таксама набываюць рысы рамесных і гандлёвых цэнтраў (Койданава, Мір, Любча, Валожын і інш.) - узнікаюць так званыя мястэчкі. Мястэчкі ўзнікалі і на тэрыторыях ранейшых вёсак (Санькава, Магільнае, Мікалаеўшчына), на важных сухапутных ці рачных гандлёвых шляхах (Новы Свержан, Стоўбцы, Ярэмічы). У XVI ст. на тэрыторыі Беларусі ўжо было больш за 20 мястэчак.

У цэлым да сярэдзіны XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім налічвалася 757 гарадоў і мястэчак, з іх 467 былі на тэрыторыі Беларусі. Большасць гарадоў і каля палавіны мястэчак належалі вялікаму князю літоўскаму. Астатнія былі прыватнаўласніцкімі. Прыватнаму ўласніку магла належаць частка вольнага ці вялікакняжацкага горада з насельніцтвам. Гэтая частка мела статус юрыдыкі, яна не падпарадкоўвалася гарадскім ці княжацкім уладам.

Асноўнае насельніцтва гарадоў у гэты перыяд складалі беларусы - 80 %. У іх таксама пражывалі літоўцы, палякі, немцы, з XIV - XV стст - яўрэі і татары. Гараджане выконвалі павіннасці на карысць дзяржавы або феадала: плацілі грашовыя подаці, выконвалі будаўнічыя і гаспадарчыя работы, пастаўлялі падводы (фурманкі) і г. д. З часам натуральныя павіннасці замяняліся грашовымі. Полацк, напрыклад, у канцы XV ст. плаціў 400, а Мінск - 60 кап грошай у скарб.

У адзначаны перыяд вялікакняскія гарады атрымліваюць права на самакіраванне - Магдэбургскае права. Першым яго атрымаў Брэст у 1390 г., потым Гродна - у 1391, Слуцк - у 1441, Полацк - у 1498, Мінск - у 1499, Віцебск - у 1597 і г. д. Да другой паловы XVI ст. магдэбургскае права атрымалі амаль што ўсе больш ці менш значныя гарады Беларусі. Па магдэбургскім праве замест шматлікіх натуральных павіннасцяў гараджане плацілі адзіны вялікі грашовы падатак. Яны вызваляліся ад суда і ўлады вялікакняжацкіх (каралеўскіх) чыноўнікаў або феадалаў. Гэта ў значнай меры ахоўвала ад самавольства маёмасць і эканамічную дзейнасць гараджан.

Гарадскія ўлады фарміраваліся на падставах самакіравання, якое было абмежавана прызначэннем войта - галавы самакіравання з шляхты або заможных мяшчан. Выбраным органам самакіравання была рада, ці магістрат, які збіраў падаткі, выконваў судовыя функцыі, кіраваў грамадскімі работамі, наглядаў за гандлем, прымаў у гарадскую абшчыну новых мяшчан і г. д. Устанаўленне самакіравання, нягледзячы на яго абмежаванні, паляпшала ўмовы рамеснай і гандлёвай дзейнасці, аслабляла феадальную залежнасць гараджан, якія былі асабіста свабоднымі.

У XIII - першай палове XVIII ст. феадальная сістэма грамадскіх адносін на Беларусі канчаткова замацоўваецца ў заканадаўчых актах. Галоўным сродкам вытворчасці і крыніцай грамадскага багацця становіцца зямля, галоўным вытворцам матэрыяльных благ - замацаваны за ёю селянін. Адначасова фарміруюцца пачаткі новых формаў грамадскіх адносін - таварна-грашовыя адносіны, паступова зараджаюцца элементы рынку. Перадумовамі новых працэсаў сталі аддзяленне рамяства ад сельскай гаспадаркі, гандлю ад рамяства. Усё гэта паступова рыхтавала падставы для складвання новых эканамічных адносін.

Список использованных источников

1. С.Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі / С.Ф. Шымуковіч - Мн, 2001.

2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т.1-5. Мінск, 1993, 1999.

3. Нарысы гісторыі Беларусі. У 2 частках - Мінск, 1994, 1995.

4. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Доўнар-Запольскі М.В. - Мінск, 1994.

Страницы: 1, 2