скачать рефераты

скачать рефераты

 
 
скачать рефераты скачать рефераты

Меню

Раннефеадальнае грамадства на Беларус скачать рефераты

p align="left">На прыканцы XI ст. адбылося некалькі з'ездаў усходнеславянскіх князёў (у Любечы, Увецічах, каля Долабаўскага возера), на якіх яны вырашылі - “кожны трымае вотчыну сваю”. Гэта стала пачаткам феадальнага драблення Кіеўскай Русі. Полацкія князі не прымалі ўдзелу ў з'ездах, бо яшчэ пры жыцці Усяслаў сам падзяліў сваё княства на ўдзелы паміж шасцю сынамі. Галоўны ўдзел - Полацкі - дастаўся Рагвалоду (у хрышчэнні Барысу), Мінскі - Глебу. Апошні атрымаў ад бацькі не толькі Мінск, але і турботны характар. Глеб стаў праводзіць актыўную палітыку. У 1116 г. ён здзейсніў паход на Слуцк, што быў пад кантролем Кіева (уваходзіў у Тураўскае княства), адбіў паходы паўднёварускіх князёў на Мінск, Оршу і Копысь. У наступным годзе (1117) Глеб ваяваў са Смаленскам і Ноўгарадам. Як і ў выпадку з Усяславам, гэтая актыўнасць мінскага князя выклікала вялікі паход рускіх князёў на Мінск. У 1119 г. Мінск быў асаджаны, Глеб узяты ў палон, вывезены ў Кіеў і пасаджаны ў поруб, дзе і памёр пры загадкавых абставінах. Нягледячы на гэтую паказальную расправу, нашчадкі Усяслава (полацкая дынастыя) кожны раз падкрэслівалі сваю незалежнасць, у прыватнасці, адказваліся ўдзельнічаць у аб'яднаных паходах на полаўцаў, якія дапякалі паўднёварускім княствам. Вялікі кіеўскі князь Мсціслаў у 1129 г. арганізаваў паход 7 рускіх князёў на Полаччыну. Пад час паходу былі схоплены ўсе ўдзельныя полацкія князі разам з сем'ямі і ў той жа год адпраўлены ў выгнанне ў Візантыю пад нагляд імператара Івана II, зяця Мсціслава. Усяславічы прымалі актыўны ўдзел у войнах супраць сарацын чым заваявалі пашану імператара. Пасля смерці ў Кіеве Мсціслава (1139), у жывых з полацкай дынастыі засталіся Васіль і Іван, якія вярнуліся на радзіму.

У Полацку за дзесяцігоддзе з 1129 па 1139 гг. адбыліся значныя змены. У адсутнасць нашчадкаў Усяслава значна вырасла роля гарадскога веча - агульнага сходу палачан і жыхароў полацкай зямлі, што вырашалі розныя пытанні жыцця і кіравання дзяржавай. Так, ужо ў 1132 г. на полацкі трон вечам быў абраны Васілька, які належыў да полацкай дынастыі, але з 40-х гг. Полацкая зямля вярнулася да былых выгнаннікаў. Але веча таксама існавала і ўмацоўвала свае пазіцыі. Акрамя Полацка яно існавала і ва ўдзельных княствах Полацкай зямлі - Друцкім, Віцебскім, Менскім, Заслаўскім, Лагойскім. Вялікую палітычную ролю ў Полацку адыгрываў і епіскап - глава хрысціянскай епархіі.

Роля веча была вельмі значнай. Яно кантралявала дзейнасць князя, запрашала ці выганяла кіраўніка дзяржавы. Веча вырашала пытанні вайны і міру, ад яго імя заключаліся мірныя і гандлёвыя пагадненні, ажыццяўляўся вышэйшы суд (веча - апошняя апеляцыйная інстанцыя). Але і княжаская ўлада заставалася значнай. Князь кіраваў дружынай і гарадскім апалчэннем, забяспечваў абароназдольнасць дзяржавы. Князь узначальваў адміністратыўна-упраўленчы апарат дзяржавы а таксама ажыццяўляў суд. Полацкі князь мог раздаваць воласці іншым князям-васалам. Рэзідэнцыя князёў была вынесена за межы Полацка - ў Бельчыцы, дзе так сама быў заснаваны Барысаглебскі манастыр, пабудаваны вялікія княжаскія палаты.

Двоеўладдзе (князь-веча) было вынікам гаспадарчага і сацыяльнага развіцця Полацкай зямлі. Феадальны ўклад перамагаў родаплемянныя адносіны. На першы план ў грамадстве выходзілі баяры і дружыннікі, што ўжо станавіліся феадаламі, уладальнікамі вотчын і залежных сялян. Сярод князей з'яўляюцца “старэйшыя” і “малодшыя” - васалы старэйшых. У гарадах засноўваліся першыя “братчыны” - арганізацыі купцоў і рамеснікаў, на чале якіх стаялі найбольш уплывовыя гараджане. Так інтарэсы новых класаў усё часцей не супадалі з інтарэсамі княжацка-партыярхальнай вярхушкі.

У 1151 г. адбылося першае выступленне полацкага веча супраць князя. Рагвалод Барысавіч выгнаны, на трон запрошаны мінскі князь Расціслаў Глебавіч, але не надоўга. Ужо ў 1158 г. у Полацак вярнуўся Рагвалод. А ў 1162 г. веча запрасіла на княжэнне Ўсяслава Васількавіча з Віцебска, які правіў да 1186 г. У гэты час адбываецца хуткае драбленне Полацкай зямлі на ўдзелы і, суадносна, распачынаюцца міжусобныя сутычкі паміж Рагвалодавічамі. Усё гэта значна паслабляла былую магутную дзяржаву крывічоў. Ужо ў хуткім часе з'явяцца нямецкія рыцары, ваяўнічасць якіх паставіць існаванне ўдзельных княстваў Полацкай зямлі пад пытанне.

У 1201 г. з дазволу полацкага князя Ўладзіміра біскупам Альбертам была пабудавана крэпасць Рыга. У наступным годзе (1202) біскуп разам з абатам Тэадорыкам заснавалі ваенна-манашаскі ордэн мечаносцаў, асноўнай мэтай яго існавання было абвешчана распаўсюджанне хрысціянства сярод латышоў, эстаў і куршаў і абарона лацінскага касцёла ў Прыбалтыцы. Але больш увагі мечаносцы ўдзялялі захопу новых тэрыторый, што ўжо належылі ці знаходзіліся ў залежнасці ад Полацка. Полацкі князь Уладзімір позна зразумеў сваю памылку. З 1203 г. па 1210 г. вялася барацьба Полацка і Рыгі, пад час якой Полацк страціў Кукейнос (1208 г.) і Герцыке (1209 г.), кантроль над Ніжнім Падзвіннем і перастаў атрымліваць даніну ад ліваў і латгалаў (дагаворы 1210 і 1212 гг. з крыжакамі). Тым не менш, Уладзімір арганізаваў вялікі сумесны паход палачан, літоўцаў і эстаў супраць ордэна, але ў дзень адпраўлення вялікага войска князь нечакана памёр, верагодна, быў атручаны крыжацкімі шпіёнамі. Паход праваліўся, а наступленне крыжакоў працягвалася. У 1224 г. выгнаны з Кукейнаса князь Вячка загінуў пры абароне эстонскага горада Юр'еў (зараз Тарту), яшчэ раней, у 1214 г., пасля смерці князя Усевалада, цалкам пад уладу Рыгі перайшоў Герціке. Полацк страчваў свае пазіцыі, і паскорыўся гэты працэс са з'яўленнем у Прыбалтыцы яшчэ аднаго ордэна - Тэўтонскага. Тэўтонцы былі выгнаны з Палесціны сарацынамі, і іх запрасіў да сябе адзін з польскіх князёў - Конрад Мазавецкі. Тэўтонцы аселі на землях балцкага племені прусаў (1230 г.). Хутка яны знішчылі прусаў і пачалі рабаваць польскія, літоўскія і беларускія землі.

Барацьба з мечаносцамі і тэўтонцамі вялася з пераменным поспехам. У 1236 г. літоўцы перамаглі мечаносцаў пад Шаўляем, у 1237 г. - Даніла Галіцкі перамог крыжакоў пад Драгічынам. Як вынік - у тым жа годзе (1237) адбылося аб'яднанне Тэўтонскага ордэна і ордэна мечаносцаў, апошні стаў называцца Лівонскім ордэнам. Аб'яднаныя сілы крыжакоў былі ўшчэнт разбітыя Аляксандрам Неўскім у 1242 г. у бітве на Чудскім возеры каля Пскова. Крыху раней малады наўгародскі князь Аляксандр перамог шведскіх рыцараў на рацэ Няве (1240 г.), дзе ў бітве прымалі ўдзел полацкія дружыны, асабліва вызначыўся Якаў Палачанін. Гэтыя перамогі прыпынілі актыўныя наступальныя мерапрыемствы крыжакоў, але не адвялі пагрозу рэгулярных наездаў крыжакоў на славянскія і балцкія землі з рабаўніцкімі мэтамі.

З 60-х гг. XIII ст. узмацніліся сувязі Полацка з Наваградкам, на полацкае княжэнне сталі запрашаць літоўскіх князёў, наладжваліся сумесныя паходы літоўскіх, наваградскіх і полацкіх дружын супраць крыжакоў (бітва каля возера Дурбе 1260 г.). Цесныя сувязі з Вялікім княствам Літоўскім садзейнічалі ўстанаўленню саюзных адносін і паступоваму ўваходжанню Полацкай зямлі ў склад ВкЛ, але з пэўнымі правамі на аўтаномію.

Калі на поўначы сучаснай Беларусі месцілася Полацкае княства, то паўднёвыя землі займала другое дзяржаўнае ўтварэнне на Беларусі - княства Тураўскае. Гэта княства месцілася на землях дрыгавічоў, у басейне ракі Прыпяць. Калі Заходняя Дзвіна - вялікі гандлёвы шлях з Балтыкі на поўдзень, то Прыпяць - бойкі гандлёвы шлях паміж Кіевам і Заходняй Еўропай. Да таго тут былі ўрадлівыя землі, спрыяльны мяккі клімат і лясы, багатыя на дзічыну і сыравіну. Усе гэта спрыяла больш хуткаму развіццю земляробства, аддзяленню рамяства і станаўленню ранняга феадальнага грамадства.

Першы галоўны горад княства - Тураў упершыню ўзгадваецца пад 980 г. у сувязі з князем Турам, які, як і Рагвалод Полацкі, быў з варагаў. Але хутка Тураў быў падпарадкаваны суседняму Кіеву, і тут склалася традыцыя - Тураў атрымліваў старэйшы сын Вялікага кіеўскага князя, які займаў потым бацькава месца ў Кіеве, а Тураў зноў атрымліваў старэйшы сын новага кіеўскага князя. Пачаў гэтую традыцыю Уладзімір Святаслававіч, у 988 г. ён перадаў Тураў старэйшаму сыну Святаполку, Яраслаў Мудры - Ізяславу і г.д. Знаходзячыся пад уплывам Кіева, Тураўскія князі прымалі ўдзел у паходах супраць Полацка ў 1127 г. Калі пачалася міжусобная барацьба за Кіеў (у XII ст.), Тураў таксама вельмі часта стаў пераходзіць з рук у рукі розных паўднёварускіх княжацкіх родаў. Толькі ў 50-я гг. 12 ст. Тураў вярнуўся да дынастыі Ізяславічаў, а тураўскім князем стаў Юры Яраславіч. У 1158 г. кааліцыя шасці рускіх князёў на чале з кіеўскім Ізяславам дзесяць тыдняў асаджала Тураў, мэтай Ізяслава было выгнаць Юрыя і аднавіць свой уплыў на тураўскія справы. Але горад меў добрыя ўмацаванні, Юры карыстаўся падтрымкай гараджан, і самая працяглая асада горада часоў Кіеўскай Русі скончылася безпаспяхова. У 1160 г. Юры таксама паспяхова вытрымаў трохтыднёвую аблогу валынскімі войскамі. Першы адзіны князь Тураўскай зямлі стаў і апошнім яе ўладаром. Юры, як і Ўсяслаў Чарадзей, меў некалькі сыноў, паміж якімі падзяліў сваё княства. Былі ўтвораны ўдзелы - Тураўскі, Пінскі, Клецкі, Слуцкі, Дубровіцкі. З цягам часу дробныя княствы трапілі ў залежнасць ад магутнага галіцка-валынскага князя. Асаблівасці палітычнай гісторыі мелі вынікам асаблівасці палітычнага ладу ў Тураўскім княстве. Вялікую ролю ў Тураве адыгрывала веча. Менавіта з яго згоды Кірыла Тураўскі быў абраны епіскапам Турава. У Тураве існавала некалькі адміністратыўных пасад, што выконвалі функцыі, блізкія да некаторых княжаскіх функцый. Так, тысяцкі ўзначальваў гарадское апалчэнне, яго абавязак - ваеннае кіраўніцтва. Акрамя таго, у Тураве дзейнічаў пасаднік - галоўны кіраўнік цывільнай адміністрацыі княства. Такая пасада яшчэ існавала толькі ў Ноўгарадзе Вялікім.

Калі Полацкае княства змагалася з крыжакамі, Тураўскае княства, разам з іншымі рускімі княствамі пазнала жорсткасць мангола-татарскай няволі. У 1240-1241 гг. Былі разрабаваны і спалены паўднёвабеларускія гарады, у тым ліку Гомель, Мазыр, Брэст.

Крыху пазней за Полацкае і Тураўскае княствы, на захадзе сучаснай Беларусі ўтвараліся невялікія ўдзельныя славянскія княствы. Адбывалася гэта адначасова з асіміляцыяй славянамі мясцовага балцкага насельніцтва. Сярод княстваў Верхняга Панёмання трэба адзначыць найбольш старажытныя і важныя - Наваградскае, Ваўкавыскае і Гродзенскае. Пад 1116 г. ёсць паведамленне пра гродзенскага князя Усеваладка (памёр у 1141 г.), што стаў зяцем Уладзіміра Манамаха. Наваградскі князь упершыню ўзгадваецца пад 1235 г., ім быў Ізяслаў. На службе ў наваградскага князя з 1240 г. знаходзіўся выгнаны з Літвы стваральнік адзінага літоўскага княства МІНДОЎГ. Пасля смерці Ізяслава веча абрала князем наваградскім Міндоўга, але пры ўмове прыняцця ім хрысціянства і далучэння да Наваградка літоўскіх земляў. Гэтыя ўмовы наваградскіх баяраў супадалі з імкненнямі Міндоўга. У 1246 г. Міндоўг прымае праваслаўе і становіцца князем наваградскім. Актыўная знешняя палітыка Міндоўга, яго ўзвышэнне з'явілася падставай для стварэння антынаваградскай кааліцыі, у якой самы актыўны ўдзел прымалі крыжакі. Каб пазбавіць крыжакоў падстаў для нападу на свае землі, Міндоўг прымае хрышчэнне па каталіцкім абрадзе (1251 г.) і атрымлівае з Рыма ад Інакенція XIV каралеўскую карону. Аднак гэта не ўтрымала крыжакоў. Адначасова на княства нападалі галіцка-валынскія князі. Станаўленне адзінай беларуска-літоўскай дзяржавы суправаджалася не толькі нападамі знешніх ворагаў, але і мяцежамі літоўскай знаці. Міндоўг доўгі час з поспехам супрацьстаяў цяжкасцям. У 1254 г. ён заключыў пагадненне з галіцка-валынскімі князямі, падмацаванае шлюбам сваёй дачкі з сынам галіцкага князя Данілы - Шварнам. У 1260 г. ушчэнт былі разбіты войскі крыжакоў каля возера Дурбе, раней, у 1249 г. Міндоўг перамог татарскага хана Койдана каля Крутагор'я. Але ў 1262 г. у выніку змовы літоўскай знаці Міндоўг быў забіты. Тым не менш, ён паспеў стварыць і замацаваць новую адзіную славяна-літоўскую дзяржаву - Вялікае княства Літоўскае. На першым этапе існавання яно ахоплівала заходнебеларускія землі і частку сучаснай Літвы.

3. Рэлігія славян. Распаўсюджанне хрысціянства на Беларусі

Да прыняцця хрысціянства ўсходнія славяне з'яўляліся язычнікамі ці паганцамі. Гэта значыць, што яны пакланяліся розным з'явам прыроды - агню, сонцу, месяцу, вадзе і г.д. Напярэдадні хрысціянізацыі склаўся пантэон багоў славян, якія мелі антропаморфны выгляд (выглядалі як людзі). Галоўныя багі - Пярун - бог грому, маланкі і вайны, Сварог - бог неба, Ярыла - бог сонца, Велес - бог-абаронца хатняй жывёлы. Цэнтрамі язычніцкай рэлігіі былі свяцілішчы - капішчы, дзе адбываліся малебны, ахвярапрынашэнні, у тым ліку і чалавечыя. Служкай паганскага культу быў жрэц - пасрэднік паміж людзьмі і багамі. Жрацы падтрымлівалі агонь на капішчах, бо агонь валодаў свяшчэннай ачышчальнай сілай. Сваіх нябожчыкаў славяне спальвалі на вогнішчы, а знатных - нават разам з жонкамі, рабамі і вялікай колькасцю прылад працы. Гэта гаворыць аб існаванні развітых уяўленняў пра жыццё пасля смерці.

Менавіта ў той час склаліся галоўныя святы славян, звязаныя з сельскагаспадарчым і каляндарным цыкламі, шанаваннем продкаў. Некаторыя з іх дайшлі да нашых дзён. Гэта зажынкі - пачатак уборкі ўраджаю, звязванне першага снапа і дажынкі - свята апошняга снапа; масляніца - свята адраджэння сонца ў пачатку вясны, калі пякліся бліны - сімвалы нябеснага свяціла. Культ шанавання продкаў увасабляецца ў святах Дзяды і Радаўніца. Новы год у славян пачынаўся з сакавіка месяца - гэта таксама было звязана з нараджэннем сонца, хуткім пачаткам сельскагаспадарчай працы.

Але паганства ўжо не адпавядала патрэбам кіруючай вярхушкі Кіеўскай Русі. Суседнія дзяржавы і дзяржавы, з якімі ўсходнія славяне былі звязаны гандлёвымі сувязямі адмовіліся ад паганства на карысць хрысціянства (Еўропа), ці мусульманства (Азія). На землях Старажытнай Русі таксама былі знаёмы з хрысціянствам. Бабка Уладзіміра Святаславіча, княгіня Вольга, прыняла хрысціянства ў Канстантынопалі разам з некаторымі прадстаўнікамі кіеўскай знаці. У Кіеве пад час княжання Святаслава дзейнічала Дзесяцінная царква, і шмат кіеўлян, што арыентаваліся на супрацоўніцтва з Візантыяй (асабліва нараджаемае заможнае купецтва) веравызнавалі хрысціянства па ўсходнім абрадзе.

На Полаччыне былі свае прыклады знаёмства мясцовых жыхароў з хрысціянствам, якое пачало пранікаць у IX ст. Ісландскі помнік пісьменнасці “Сага аб хрышчэнні” распавядае пра Торвальда Вандроўніка (ён ахрысціў Ісландыю), які вяртаўся на радзіму пасля паломніцтва ў Палесціну. Яго шлях пралягаў праз Полацк, дзе місіянер заснаваў манастыр Іаана Прадцечы, але неўзабаве і сам памёр (пахаваны ў гэтым манастыры).

Былі знаёмы з хрысціянствам у сям'і першага гістарычна вядомага полацкага князя Рагвалода. Нездарма Рагнеда аддала перавагу Яраполку, а не Ўладзіміру - першы спрыяльна адносіўся да хрысціян. Усе дзеці Рагнеды былі вядомы сваімі прыхільнымі адносінамі да хрысціянства. Пасля ліквідацыі гарэма Уладзіміра Рагнеда пастрыглася ў манашкі, узяўшы імя Анастасія і жыла ў Заслаўі ў скіце, які, на жаль, так і не пераўтварыўся ў першы жаночы манастыр на Беларусі.

Афіцыйна Кіеўская Русь прыняла хрышчэнне ў 988 г. Ужо ў 992 г. у Полацку была заснавана епархія - царкоўная тэрытарыяльная адзінка, што кіравалася епіскапам. Была пабудавана першая царква ў імя Багародзіцы. Першымі епіскапамі былі грэкі (з Візантыі) ці балгары. У 1005 г. была заснавана Тураўская епархія. Абедзве епархіі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі. Самым вядомым тураўскім епіскапам быў наш славуты культурны дзеяч Кірыла Тураўскі, які жыў у XII стагоддзі.

Распаўсюджванне хрысціянства ішло досыць марудна, яно хутка пранікала ў сем'і феадалаў і знаці, купецкага люду, але амаль не мела ўплыву ў сельскай мясцовасці, дзе па-ранейшаму шанавалі старых паганскіх багоў. Гэтаму спрыяла суседства беларускіх зямель з балцкімі плямёнамі, што веравызнавалі язычніцтва. Адначасова тут спрабавала распаўсюдзіць уплыў хрысціянства заходняга абраду. Яшчэ ў 1013 г. у Тураве дзейнічаў біскуп Рэйнберг з Калобжыц, што прыехаў разам з дачкой польскага караля Баляслава, жонкай тураўскага князя Святаполка Уладзіміравіча. Хрысціянская царква юрыдычна была адзінай, але паміж заходняй і ўсходняй часткай яе існавалі вельмі напружаныя адносіны. Па загаду вялікага кіеўскага князя Уладзіміра Рэйнберг быў зняволены ў Кіеве, дзе і памёр. У 1054 г. хрысціянская царква канчаткова падзялілася на праваслаўе і каталіцтва, што дало ідэалагічную падставу ў XIII ст. нямецкім рыцарам рабіць напады на славянскія землі - яны ваявалі супраць “схізматыкаў”, ератыкоў і неслі разам з агнём і крыжом “сапраўдную” веру - каталіцтва.

Пад час барацьбы за княжаскі трон у Кіеве (пасля смерці Уладзіміра) у 1015 г. былі забіты князі-браты Барыс і Глеб. Менавіта яны сталі першымі ўсходнеславянскімі святымі (кананізаваны ў 1072 г.). Гэтых святых шанавалі ў Полацкім княстве. Два сыны Ўсяслава Чарадзея названыя ў гонар святых. У сваю чаргу, сын Усяслава Барыс мае прамое дачыненне да так званых “барысавых камянёў”. На велізарных валунах, што з'яўляліся язычніцкімі фетышамі, ён загадаў выбіць хрысціянскі сімвал - шасціканцовы крыж з надпісам “Господі помозі”. Гэта быў адзін з метадаў барацьбы з язычніцтвам. Выкарыстанне язычніцкіх святынь хрысціянствам дапамагала распаўсюджванню новай рэлігіі, стварала бачнасць пераемнасці. Так, нават полацкая Сафія была пабудавана Ўсяславам Чарадзеем (1050-я гг.) на месцы старажытнага паганскага капішча.

Яшчэ адзін з метадаў пашырэння хрысціянства - гэта заснаванне манастыроў. Паводле некаторых звестак, першыя манастыры ўзніклі ўжо ў X ст. Гэта полацкі манастыр св. Іаана Прадцечы (заснаваны Торвальдам Вандроўнікам) і пінскі Лешчынскі (заснаваны кіеўскім князем Уладзімірам). Але дасканала вядома пра манастыры на Беларусі толькі з XII ст. У Полацку гэта - жаночы св. Спаса і мужчынскі св. Багародзіцы (заснаваныя Еўфрасінняй Полацкай), Барысаглебскі ў Бельчыцах пад Полацкам. У пачатку XII ст. у Тураве быў заснаваны жаночы Варварынскі манастыр (заснавала Варвара, жонка Святаполка Ізяславіча) і Барысаглебскі (у ім знаходзілася рэзідэнцыя епіскапа). Манастыры карысталіся значнай падтрымкай ад князёў, частка манахаў і манахінь былі са знатных феадальных родаў.

Са стварэннем ВкЛ адносіны да рэлігіі з боку кіраўнікоў княства крыху змяніліся. Вялікія літоўскія князі, за рэдкім выключэннем, спрыяльна ставіліся да язычніцтва. А ў цяжкіх палітычных абставінах яны з лёгкасцю маглі мяняць веравызнанне на тое, што давала большыя палітычныя перавагі. Так, Міндоўг прыняў праваслаўе ў 1246 г., каталіцтва ў 1251 г., а ў 1261 г. наогул вярнуўся да паганства. Пры князі Трайдзене літоўцы-хрысціяне падвяргаліся ганенням. Тым не менш, да пачатку XIV ст. хрысціянства на беларускай частцы ВкЛ атрымала канчатковую перамогу. На літоўскай частцы ВкЛ пераважна веравызнавалі язычніцтва, але былі і хрысціяне - як праваслаўныя, так і каталікі.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 1-5; Т. 6. Кн. 1-2. Мн.: БелЭн, 1993-2003.

2. Шымуковiч С.Ф. Гiсторыя Беларусi: курс лекцый / Шымуковiч С.Ф.- Мн., 2005. - 235 с.

3. Доўнар-Запольскі М.В. Гісторыя Беларусі / Доўнар-Запольскі М.В.- Мінск, 1994.

Страницы: 1, 2