скачать рефераты

скачать рефераты

 
 
скачать рефераты скачать рефераты

Меню

Феадальныя павіннасці сялян другой паловы XVI-XVII ст. скачать рефераты

p align="left">Праводзячы памеру, урад стараўся, каб на кожную валоку садзілася адна сям'я. Паколькі акладною адзінкаю лічылася валока, незалежна ад таго колькі чалавек ёю карысталася, ураду было выгадна, каб як мага больш валок бралі асобныя сем'і. Аднак пры тэхніцы таго часу абрабіць 20 - 25 га зямлі адной сям'і было цяжка нават у тым выпадку, калі яна ня адбывала паншчыны, пры паншчыне ж гэта наогул было немагчыма і таму ў большасці валоку бралі па 2 сям'і ці блізкіх сваякоў (бацька з дарослым сынам, два браты), ці чужых. Значна радзей на валоку садзілася 3 сям'і, па адной і па чатыры бралі яшчэ меньш, і зусім рэдка, калі адна сялянская сям'я брала 2 валокі.

Фальварковую зямлю павінны былі ўрабляць сяляне ваколічных вёсак, але паколькі ў час памеры фальваркаў было мала і паншчына невялікая, то асноўнаю павіннасцю большасці сялян была ня паншчына, але грашовы чынш [4, с.217].

У залежнасці ад таго, якая была галоўная павіннасць -- паншчына ці чынш, валокі падзяляліся на цяглыя (галоўная павіннасць паншчына) і асадныя (асноўная павіннасць чынш) [4, с.219]. Цяглыя павінны былі хадзіць на паншчыну два разы ў тыдзень з канём ці валамі, за выключэннем трох тыдняў у год, але за гэтыя тыдні трэба было адбыць 4 талакі ў год. Зважаючы на цэны за рабочы дзень (0,5 граша), можна думаць, што на талаку з валокі выходзілі па 2 чалавекі. Такім чынам, у сярэдзіне XVI ст. у дзяржаўных маёнтках паншчыны з валокі вымагалі ў год 106 дзён, або 3,5 дні з марга.

Звыш паншчыны цяглыя павінны былі плаціць яшчэ грашовы чынш -- даваць авёс, сена, курэй, гусей, вязаць невады, даваць станцыю (прадукты, калі наязджаў вялікі князь ці хто з яго адміністрацыі) ці плаціць за гэта грашыма, а так сама яшчэ касіць траву і выконваць некалькі дробных абавязкаў.

Апрача таго, сяляне плацілі за невады (якіх яны не вязалі) па 2 грашы і за станцыю па 2,5 грашы. Падрахаўваўшы ўсё ў грашах выйдзе, што за валоку добрай зямлі цяглыя звыш паншчыны давалі 54 грашы (у адным грашы было 10 пенязяў), сярэдняй 45, кепскай 31 і зусім кепскай 14 грошаў. Звыш таго цяглыя ўсім войтаўствам павінны былі касіць траву, рапараваць масты і дарогі, даваць падводы і вартаўнікоў і плаціць дзяржаўны падатак -- серабшчыну [13, с.420].

Асадныя давалі ўсё тое, што давалі цяглыя звыш паншчыны, апрача таго, незалежна ад якасці зямлі, плацілі з валокі 30 грошаў асаднага, давалі бочку жыта ці за яе 10 грошаў і адбывалі 12 талок ці плацілі за гэта 12 грошаў. Такім чынам, у эалежнасці ад якасці зямлі, асадныя плацілі ў год з добрай валокі 106 грошаў, з сярэдняй 97, з кепскай 83 і з зусім кепскай 66 грошаў. Параўноўваючы павіннасці асадных і цяглых, бачым, што заміж 106 дзён паншчыны асадныя плацілі 52 грашы. Значыцца, дзень паншчыны лічыўся вартым прыбліэна 0,5 граша. Пераводзячы па такой таксе ўсе павіннасці на грош, атрымаем, што цяглыя за валоку добрай зямлі плацілі 106 грошаў, з сярэдняй 98, з кепскай 83 і з зусім кепскай 67 грошаў, а з марга адпаведна: 3,5; 3,2; 2,8 і 2,2 грашы [15, с.176].

Пры памеры на зямлю саджалі нявольную чэлядзь (рабоў), якія з гэтага часу атрымлівалі назву -- агароднікі. Па Уставе, агароднікам належала даваць па 3 маргі зямлі, за што яны павінны былі адбываць кожны тыдзень па аднаму дню паншчыны пехатою, а іх жонкі 6 дзён жаць, усяго рабіць 58 дзён у год ці па 19 дзён з марга. Пераводзячы паншчыну агароднікаў на грошы, атрымаем па 9,5 грошаў за морг, або ў тры разы больш, чым плацілі сяляне за морг добрай зямлі. Аднак фактычна агароднікі з самага пачатку атрымлівалі ня па 3, а па 6 ці па 9 маргоў, у сувязі з чым адпаведна павялічвалася і паншчына да 2 -- 3 дзён у тыдзень [5, с.152]. Вызначаная Уставаю норма ў 3 маргі (2 га) азначала, што гэта катэгорыя будзе мець толькі агароды (адсюль і назва іх), калі ж ім пачалі даваць па 9 маргоў, то такія надзелы наблізіліся да ўчасткаў, на якіх сядзела большасць індывідуальных сялянскіх сем'яў і наогул скора агароднікі перасталі адрознівацца ад рэшты сялянства.

Наразаючы валокі "на сыром кореню" -- у пушчы, урад меў на ўвазе, што пры памеры колькасць гаспадарак у параўнанні з тым, што было раней, павялічыцца, а ў будучым узрасце яшчэ, і што новыя сем'і і будуць разбіраць валокі ў пушчы. Каб заахвоціць насельніцтва браць валокі "на сыром кореню", асваенне якіх вымагала вялікіх высілкаў, урад даваў "фольгі" -- льготы. Насельніцтва брала і такія валокі, але разам з тым яшчэ шмат гадоў пасля правядзення памеры заставалася вялікая колькасць "пустых" -- нікім не занятых валок.

Частка валок (па 2 на гаспадарку) раздавалася войтам, путным баярам і розным вялікакняскім слугам: конюхам, стральцам, асочнікам.

Звыш валок і "наддавак" да іх у карыстанне насельніцтва (дарам ці за невялікую палту) аддавалі засценкі. Знайходзячыся "за сценамі", засценкі ўяўлялі сабою нібы абрэзкі зямлі і былі па якасці горшыя, чым валокі: часта там, дзе валокі вызначаліся як сярэднія, засценкі лічыліся "подлымі". Засценкі разбіралі як паасобныя жыхары вёсак і гарадоў, так і цэлыя вескі разам. У апошнім выпадку засценкі, пэўна, рабіліся выганам, часамі яны ўяўлялі сабою сенажаці ці лясы нізкай якасці, адкуль жыхары бралі сабе дровы.

На усходзе Беларусі, у "рускіх валасцях" памера праводзілася з канца XVI па сярэдзіну XVII ст. Там урад абмежаваўся абмерам зямлі, вызначэннем якасці валок і прызначэннем з іх цвёрда акрэсленых павіннасцяў. Гэта з'явілася вынікам таго, што на ўсходзе вытворчыя сілы былі развіты слабей, чым на захадзе, апрача таго, урад асцерагаўся выклікаць незадавальненне насельніцтва, тым больш, што ў той час ішла Лівонская вайна.

Рыхтуючы памеру, урад меў намер стварыць густую сетку фальваркаў.

Артыкул 20 Уставы гаворыць: "Фольварки хочем мети, абы везде становены, яко наболши быти могуть, при каждых замкох и дворех нашых, окром где бы кгрунты непожыточныс были, -- таковые казати людьми осажати, зоставивши на врад в кождом поли по одной волоце" [1, с.143]. Значыцца, урад хацеў стварыць як мага больш і як мага большых па памерах фальваркаў. Гэтыя яго намеры абмяжоўвалі 2 акалічнасці: фальваркі павінны былі стварацца там, дзе зямля лічылася добрай ці сярэдняй якасці і, па-другое, блізка ад іх павінна была знайходзіцца пэўная колькасць сялянскіх гаспадарак, бо на кожную фальварковую валоку мусіла быць 7 сялянскіх.

Валочная памера праводзілася і ў тых дзяржаўных гарадах (у Беларусі, як і наогул у Вялікім княстве Літоўскім было шмат прыватнаўласніцкіх гарадоў), якія не мелі магдэбурскага права. Пры памеры там улічвалася плошча як самых гарадоў, так і тых зямель, якімі карысталіся гарадскія жыхары. У сувязі з тым, што ў гарадах вялікае значэнне меў гандаль, плата за прут (дробная зямельная мерка, роўная прыблізна 0,02 га) на рынку была вызначана ў 7,5 пенязяў на вуліцах у 5, з агародаў у горадзе ў 2,5 і з участкаў, на якіх стаялі гумна і хлявы ў прадмесцях, у 1 пенязь. Кожны горад у той час меў значную колькасць ворнай зямлі, сенажацяў, часам лесу. Усё гэта перамервалася на валокі, і гарадскія жыхары павінны былі плаціць за валоку добрай зямлі 50 грошаў, сярэдняй 40 і кепскай 30 грошаў і яшчэ 12 грошаў за талаку, незалежна ад якасці зямлі [8, с.72].

Да памеры цэрквы ў дзяржаўных маёнтках атрымоўвалі дзесяціну, г.ё. дзесятую частку прыбыткаў, а некаторыя мелі і значныя кавалкі зямлі. Пры памеры шмат такіх зямель адабралі на вялікага князя, дзесяціна адмянялася зусім і на кожную царкву (праваслаўную), як і на каталіцкі касцёл, адводзілася па 1 - 2 валокі, вольныя ад усякіх павіннасцяў. Як шляхта, у якой часам адбіралі зямлю ці давалі адмену, так і духавенства, лічылі, што памера моцна закранае іх інтарэсы.

Такім чынам, можна безумоўна сцвярджаць, што памера зрабіла значныя змены і заставіла вялікі след у жыцці Беларусі на цэлыя стагоддзі. Прыбыткі вялікага князя моцна ўзраслі, скарб атрымаў пэўныя весткі аб сваіх землях, а становішча сялян значна пагоршылася. Да памеры сяляне глядзелі на ўчасткі, якімі яны карысталіся, як на свае ўласныя, бо часта самі яны раскарчавалі іх, тым часам як па Уставе не толькі зямля, але і сам селянін са ўсёю сваёю маёмасцю абвяшчаўся ўласнасцю вялікага князя ("кгдыж кметь и вся его маетность наша есть") [15, с.184]. Пераход сялян з месца на месца забараняўся, за нявыхад на паншчыну накладаліся цяжкія кары. Памера замацоўвала сялян на месцы і вяла да далейшага ўзросту павіннасцяў у самай цяжкай форме -- паншчыне.

1.3 Роля аграрнай рэформы 1557 г. на далейшае становішча сялян

З канца XV ст. у Заходняй Еўропе з ростам насельніцтва, асабліва гарадскога і хуткім развіццем гаспадаркі ўзрос попыт на зерне і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Вялікае княства Літоўскае, гаспадарка якога была звязана з еўрапейскай, адрэагавала адпаведна попыту суседзяў. З мэтай атрымаць больш прадукцыі была праведзена рэарганізацыя сельскай гаспадаркі. Прычынамі рэарганізацыі былі рост попыту на зерне на міжнародным рынку; архаічная, стракатая сістэма абкладання павіннасцямі, што толькі прыблізна ўлічвала рэсурсы адзінкі падаткаабкладання; цяжкі фінансавы стан скарбу ВКЛ.

Як мы ужо адзначали вышэй, каб павялічыць даходы з дзяржаўных зямель, вялікі князь Жыгімонт II Аўгуст ажыццяўляе ў дзяржаўных маентках рэформу, якая атрымала назву "валочная памера". Асноўны дакумент рэформы - інструкцыя "Ўставы на валокі", які датаваны 1 красавіка 1557 г. На яго падставе была праведзена суцэльная рэвізія дзяржаўных і вялікакняскіх уладанняў. У 1568 г. усе дзяржаўныя ўладанні заходняй часткі княства былі ахоплены рэформай.

Вызначым асноўныя прынцыпы рэформы:

- дакладны ўлік зямель;

- абкладанне сялян павіннасцямі прапарцыянальна занятай зямлі;

- вылучэнне адзінай пазямельнай меры - валокі;

- за карыстанне валокай вызначаліся пэўныя павіннасці.

Пад час рэформы ўся зямля ў маёнтку дзялілася на валокі, лепшыя з якіх адводзіліся пад вялікакняжацкія гаспадаркі - фальваркі. Астатнія раздаваліся сялянам у падворнае землекарыстанне.

Асобную увагу мы нададзім асноўным вынікам правядзення рэформы:

- сяляне страцілі правы на зямельныя ўчасткі, якія традыцыйна лічыліся ў іх спадчынным валоданні;

- іх палеткі ў большасці сталі меншымі - сем'і не маглі выканаць усе павіннасці, якія прызначаліся з ранейшых надзелаў;

- асноўнымі формамі павіннасці стала паншчына на захадзе, на ўсходзе - грашовы чынш;

- павялічыліся даходы дзяржаўнага скарбу;

- прынцыпы рэфармавання былі пераняты прыватнымі землеўладальнікамі, у першую чаргу буйнымі;

- на захадзе і ў цэнтры Беларусі, дзе імкліва ствараліся фальваркі, сялянская абшчына была разбурана, на ўсходзе яна захавалася, але была падпарадкавана феадалам.

Неабходна адзначыць, што правядзенне рэформы, яе тэмпы былі розныя ў тых ці іншых рэгіёнах Беларусі. У цэнтры і на захадзе памешчыцкія гаспадаркі былі цесна звязаны з рынкам, яны актыўна выкарыстоўвалі сваё права бяспошліннага гандлю. Рэформа тут была завершана да канца XVI ст. На паўночным усходзе Беларусі, дзе ішла Лівонская вайна (1558-1583 гг.) і землі спусташаліся войскамі Івана Жахлівага, а таксама на ўсходзе, дзе Вялікае княства межавала з Маскоўскай дзяржавай, вялікі князь і феадалы не маглі ажыццяўляць пераўтварэнні так паслядоўна і актыўна, як на захадзе. Фальваркавая сістэма не стала тут пераважнай. Насельніцтва ў асноўным пераводзілася з даніны на чынш. Валочны надзел на ўсходзе шырока зацвердзіўся толькі ў першай палове XVII ст., рэформа зацягнулася больш чым на сто гадоў.

Правядзенне аграрнай рэформы і ўпарадкаванне павіннасцяў суправаджалася замацаваннем сялян за зямлёй, ператварэннем розных іх катэгорый у адзін клас-саслоўе - прыгоннае сялянства.

Такім чынам, у канцы XVI - першай палове XVII ст. у ВКЛ канчаткова фактычна і юрыдычна аформілася прыгоннае права. Селянін быў пазбаўлены права свабодна распараджацца сваёй спрадвечнай маёмасцю. Селянін стаў аб'ектам залогу, куплі-продажу як з зямлёй, так і без яе. Феадал мог судзіць селяніна. Сістэма пазямельных адносін, якая стыхійна складвалася на працягу стагоддзяў, у ходзе аграрнай рэформы другой паловы XVI - першай паловы XVII ст. была ўпарадкавана.

2. лёс беларускага селяніна у другой палове XVI - XVII cт.

2.1 Канфлікт саслоўяў як вынік жорсткіх умоў жыцця беларуса

Менавіта да сярэдзіны XVI ст. праз фільтры заканадаўчых актаў, у першую чаргу Статута Вялікага княства Літоўскага, судовых пастаноў, аграрнай рэформы, усталяваўся асабовы склад вышэйшага прывілеяванага саслоўя -- шляхты, якая рэзка была аддзелена ад мяшчанства і сялянства. Сялянскае саслоўе, якое канчаткова сфарміравалася да канца XVI ст., было найшматлікім (больш за 80 % насельніцтва [5, c. 165]), і папаўнялася у асноўным за кошт збяднелай шляхты і "галоты".

Палярнасць юрыдычна-матэрыяльнага становішча пана і падданага, з аднаго боку, выклікала значныя міжсаслоўныя канфлікты, якія зыходзілі ад уседазволенасці шляхты ў распараджэнні сваімі прыгоннымі і абароны сялянамі сваіх інтарэсаў і гонару. Праўда, з другога боку, землеўласнік не мог падтрымліваць сваё высокаматэрыяльнае становішча без добра арганізаванай, найлепш заможнай, сялянскай гаспадаркі. Таму быў вымушаны яе падтрымліваць, а часам і абараняць.

Так, безумоўна, лёс селяніна і яго сям'і цалкам залежаў ад волі ўладальніка. Гэта відавочна з права шляхціца-гаспадара прадаваць сваіх прыгонных. Дастаткова згадаць запіс 1610 г. у актавай кнізе Браслаўскага земскага суда аб прадажы Б. Коваля земянінам С. Лавейка свайму брату Б. Лавейка: "Постановившысе очевисто у суду земелии господарский повету Браславского пан Станислав Янович Ловейко сознал то пры листе своём, иж он, которог подданого мел спольного з братею своею на име Беняша Петюлевича Коваля, тогды телер часть свою ему межи братею належочую, того подданого, жоны и детей и всяких пожытков от него прыходячых продал брату своему пану Вацлаву Ловейку за дванадцать копгрошей литовских" [1, с. 152].

З крыніц вынікаюць акты адкрытага гвалту шляхецкіх асоб супраць сялянскага асяродку. Так, у кнізе Слонімскага гродскага суда прысутнічае запіс за 1560 г. аб разрабаванні сялянскай маёмасці і вывадзе дваццаці сямей з вёскі Валковічы князем Палубенскім: "Княгиня Федоровая Полубенская … месяца июня 12, у середу, в недитности князя малжонка…у выменьи Котчице князь Андрей Иванович Полубенский, брат его милости, наехавшими квалтовне на село Котчишьское Валковичи, з многими слугами, поддаными своими, и всих подданых князя малжонка моего того села Валкович, чоловеков дванадцати самих, з домов, повезавши побрали, и нет ведома, где их подел. При котором ден наехали его квалтовном немало ся тым подданым князя, малжонка моего, шкод стало"[15, c.59].

Цярпелі неаднаразова сяляне-земляробы адкрытае грабежніцтва з боку шляхты, якая была не ўнутры маёнтка, а ў стопрацэнтнай фіксаванасці суседская. Прычым шляхціцы-грабежнікі былі не ўладальнікамі зямельнай уласнасці, а служачымі адміністрацыі ці арандатарамі памешчыцкіх маёнткаў. Яркі прыклад таму -- запіс у кнізе Слонімскага гродскага суда за 16 жніўня 1560 г. аб разрабаванні цівуном пана А. Валовіча сялян значнай уласнасці Дзярэчын [3, с.217]. Так, служачы дзярэчынскага ўладання, якое належала на той час князям Адзінцэвічам, скардзіўся на суседскага "пана Василья Чалыга, иж ден в тот понеделок пршлый месяца августа двенадцатого дня… з многими помочниками… наехавши моцно и квалтовным обычаем по домах подданных князя его милости пана его деречинских: у Евхима Сидоровича взял волт и з сохою и з парогами, две сермяги, тридцать локот сукна, а в дицы пара полтрете локот сукна, двадцать локот полотна, кужелю, сорочек тонких девять, простиц синих чотыри, и чорных простиц две, намедцов девять, поес и з ытолииком, у выголиику копа грошей, меду пресного ведри пинских... У Станюковича две сохи волов, кляча, сермяга, топор. У Федьца Соболевича два волы з сохою и з парогами, сермягу. У Трохима Нацевича волы два, кляча" [15, c. 166].

Грабежніцтва сялян, галоўным чынам магнацкіх уладанняў, з боку мясцовай шляхты ў XVI--XVII ст. не перапынялася. Шляхціцы-землеўладальнікі неаднойчы практыкавалі адкрыты гвалт супраць сваіх залежных падданых, а часцей супраць прыгонных свайго феадала-суседа. Прыклад таму запіс у кнізе ваўкавыскага земскага суда за 1610 г. аб тым, што "пан Александр Жин, будучи на кгрунте того подданого его милости пана Масалского Андрея Фёдоровича без для ему жадное причины кием збил и нилитостиве зранил" [3, с. 219].

Практыкавалася і адкрытае самадурства землеўладальніка супраць падданага сялянства. Так, у 1628 г., як вынікае са справы суда Слонімскага павета, "пан Крыштов талко… в ден Святого Юря святаруского, выехавши з двора своего новопобудованего, названного Порече в повете Слонимском лежачого. А, едучи через село его милости середнее, заставши Боярку его милости именя Порецкого Татияну Борздиловну Адамовую Голосковую, перед вороты дому её стоячую, и там на том месцу и врочыщу, невинне без дане прычыны, менованую Голосковую шаблей в руку правую шкодливе ранил и обухом секиркою збил" [15, с. 204].

Страницы: 1, 2, 3