скачать рефераты

скачать рефераты

 
 
скачать рефераты скачать рефераты

Меню

Вывучэння беларускай мовы ў пачатку 20 стагоддзя скачать рефераты

Вывучэння беларускай мовы ў пачатку 20 стагоддзя

21

Тэма: Вывучэнне беларускай мовы ў пачатку ХХ стагоддзя

Распрацоўка агульных пытанняў беларускага мовазнаўства

Храналагічна перыядам пачатку ХХ ст. лічацца 1900 - 1917 гг. Гэта непрацяглы па часе, але надзвычай змястоўны перыяд, які характарызуецца зрухамі у самім падыходзе грамадскасці да беларускай мовы і зрухамі ў яе навуковай распрацоўцы.

Узмацненне нацыянальна-вызваленчых настрояў прымусіла царскі ўрад пайсці на ўступкі і дазволіць друкаванне на нацыянальных мовах. Так з'яўляюцца першыя беларускія легальныя газеты “Наша доля” і “Наша ніва”. У розных гарадах краіны ствараюцца беларускія выдавецтвы - “Загляне сонца і ў наша аконца”, “Наша ніва”, “Наша хата”, “Беларускае выдавецкае таварыства” ў Вільні, “Мінчук” у Мінску і г.д. Усё гэта спрыяла таму, што за гэты невялікі перыяд па беларускай мове выйшла 245 розных кніг, некалькі перыядычных выданняў (для параўнання - за ўсё ХІХ ст. толькі 75 кніг). У пачатку ХХ ст. перавыдаюцца творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, друкуюцца творы Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Пачалося адраджэнне беларускай літаратуры, пра што прыхільна і наадварот, рэзка адмоўна, пачала пісаць руская прэса. У студзеньскім нумары часопіса “Вестник Европы” за 1911 г. быў надрукаваны змястоўны прыязны артыкул пра развіццё новай беларускай літаратуры “Белорусские поэты” А.Л.Пагодзіна. Аўтар вітаў адраджэнне беларускай літаратуры і актыўную творчасць беларускіх паэтаў. Такі ж цікавы і змястоўны нарыс М.Я.Янчука “Несколько слов о новейшей белорусской литературе” быў апублікаваны ў часопісе “Известия Общества славянской культуры” (М., 1912; Т.1, кн. 1).

Ва ўкраінскім друку папулярызаваў беларускую літаратуру вядомы вучоны І.С.Свянціцкі. У 1908 г. ён апублікаваў спачатку ў львоўскай газеце “Діло”, а потым выдаў асабнай кніжкай даследаванне “Адраджэнне беларускага пісьменства”. За тое, што ў кніжцы змяшчаліся адкрыта рэвалюцыйныя вершы “Суседзям у няволі” Цёткі, “Там”, “Што ты спіш?” Я.Купалы, яна адразу ж была канфіскавана ўладамі. У рэвалюцыйны час І.С.Свянціцкі надрукаваў таксама артыкул “Асновы адраджэння беларускага пісьменства” (1914). Такія ж добразычлівыя выказванні пра беларускую літаратуру з'явіліся ў польскім, чэшскім друку, у працах некаторых заходнееўрапейскіх вучоных. Рускі ж царызм па-ранейшаму адмаўляў самастойнасць беларускага народа і яго мовы. У прадмове ў царскай Думе ў 1910 годзе тагачасны кіраўнік урада П.А.Сталыпін яшчэ раз сцвердзіў, што “Заходні край ёсць і будзе край рускі назаўсёды, навекі”. Беларускую мову па-ранейшаму называлі пераважна “наречием”. Але нават называючы мову беларускага народа “наречием” ва ўмовах недасканалай лінгвістычнай тэрміналогіі, многія перадавыя вучоныя ўсведамлялі яе самастойнасць, раўнапраўнасць разам з рускай і ўкраінскай. Тэрмін “беларуская мова” больш паслядоўна замацаваўся ў рускім мовазнаўстве. Сярод расійскіх даследчыкаў, якія аддвалі перавагу гэтаму тэрміну найперш варта згадаць найвыдатнейшага лінгвіста А.А.Шахматава і аўтара прац па агульным мовазнаўстве і гісторыі мовы В.Паржазінскага. У такіх умовах адбывалася навуковая дзейнасць Я.Карскага, якая вельмі спрыяла зрухам у вызначэнні статуса беларускай мовы. Дзейнасць Я.Карскага ўзняла навуковую распрацоўку беларускай мовы на небывалую вышыню. У мовазнаўстве паглыбіліся распрацоўкі традыцыйных напрамкаў беларускага мовазнаўства - гісторыі мовы, дыялекталогіі, лексікалогіі і лексікаграфіі.

Натуральна, што ў такіх умовах востра паўстала пытанне нармалізацыі беларускай мовы, стварэння граматыкі. Але разнабой назіраўся не толькі ў правапісе, але і ў графіцы. У 1911 г. на старонках газеты “Наша ніва” ішла дыскусія, якая была выклікана тым, што ў тагачаснай выдавецкай практыцы для друкавання не беларускай мове выкарыстоўвалася дзве графічныя сістэмы - кірыліца і лацінка. Сама газета паралельна друкавалася і тым і другім шрыфтамі. Дыскусія спрыяла пашырэнню ў беларускім кнігадрукаванні адной графічнай сістэмы - кірыліцы. На старонках “Нашай нівы”, а таксама іншых газет - “Гоман”, “Дзянніца” ўздымаліся розныя пытанні, звязаныя з развіццём беларускай мовы і літаратуры. Для навучання па-беларуску тагачаснымі выдавецтвамі ўпершыню былі выпушчаны чытанкі: “Беларускі лемантар, або Першая навука чытання” (1906), першае чытанне для дзетак беларусаў”, складзенае Цёткай у 1906 г., другое чытанне для дзяцей беларусаў”, складзенае Я.Коласам к 1910 г. Але ў гэтых падручніках даваліся толькі элементарныя звесткі па мове - у такой ступені, каб навучыць чытаць беларускі тэкст.

Такім чынам, у пачатку ХХ ст. яшчэ не было сур'ёзных прац па пытаннях нармалізацыі сродкў беларускай літаратурнай мовы, аднак матэрыял для гэтага назапашваўся і абмяркоўваўся.

Вывучэнне вусна-гутарковай мовы

Вывучэнне вусна-гутарковай мовы ў яе дыялектах у пачатку ХХ ст. звязана галоўным чынам з навукова-даследчай дзейнасцю Я.Ф.Карскага, які яшчэ ў канцы ХІХ ст. склаў “Программу для собирания особенностей белорусского наречия”. Дэталёвае знаёмства з беларускімі гаворкамі дало магчымасць Я.Карскаму скласці карту распаўсюджання беларускай мовы. Сваю працу “Этнографическая карта белорусского племени” з падзагалоўкам “Белорусские говоры” (1903) аўтар прыклаў да сваёй манаграфіі “Белорусы”.

Пра навуковую дзейнасць Я.Ф.Карскага самастойна

Вялікую работу па вывучэнні ўсходнеславянскіх гаворак правяла ў пачатку ХХ ст. Маскоўская дыялекталагічная камісія. Вынікам работы камісіі з'явіўся выхад у 1915 г. даследавання “Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии” (аўтары - М.М.Дурнаво, М.М.Сакалоў, і Д.М.Ушакоў). Значным крокам наперад з'явілася вылучэнне ў даследаванні моўных прымет і тэрыторый трох усходнеславянскіх моў - рускай, беларускай і ўкраінскай - і ў той жа час паказ іх роднасці і цеснай гістарычнай сувязі. Карта Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі ў асноўным супала з картай Я.Карскага. Цікавасць і каштоўнасць гэтых карт становіцца відавочнай, калі ўлічыць, што на сучасных дыялекталагічных картах межы гаворак усходнеславяскіх моў звычайна праводзяцца па адміністрацыйных межах. Пытаннем вызначэння межаў пашырэння беларускай мовы і вывучэннем гаворак, пераходных ад яе да іншых моў, цікавіліся многія тагачасныя вучоныя - Е.Ф.Будэ, І.С.Астрэмбскі, І.Г.Галанаў, М.В.Доўнар-Запольскі, Д.К.Зяленін, І.Зялінскі, М.Карпінскі, А.Нікольскі, К.Ніч, А.Д.Нячаеў, І.А.Сербаў, А.К.Сержпутоўскі, М.Г.Халанскі.

Сэнсам і справай свайго жыцця вывучэнне традыцыйнай народнай культуры Смаленшчыны і паўночна-ўсходняй Беларусі зрабіў Уладзімір Мікалаевіч Дабравольскі (1856-1920). Краязназчай работай ён зацікавіўся яшчэ студэнтам, слухаючы лекцыі Ф.І.Буслаева, Ф.Я.Корша, У.Ф.Мілера. У.М.Дабравольскі выдаў “Смаленскі этнаграфічны зборнік” (т. 1-4, 1891-1913), напісаў шмат артыкулаў мовазнаўчага характару. Яго самая каштоўная праца ў галіне мовазнаўства “Смаленскі абласны слоўнік” (1914), у якім распрацавана 16560 артыкулаў з дыялектнымі словамі беларуска-рускага пагранічча. Рэестравая частка ахоплівае бытавую, сельскагаспадарчую, рамесніцкую, абрадавую лексіку, уласныя імёны і геаграфічныя назвы, устойлівыя і вобразныя словазлучэнні. Словы і выразы забяспечаны дакладнымі філалагічнымі, радзей этнаграфічнымі тлумачэннямі, назвы раслін, жывёл, анатамічныя тэрміны - рускімі і лацінскімі літаратурнымі адпаведнікамі, падмацоўваюцца разнастайным ілюстрацыйным матэрыялам. Ролю ілюстрацый выканваюць пераважна запісы гутарковай мовы, фальклорныя творы.

Слоўнік фіксуе ўсе асноўныя значэнні слоў, іх сэнсавыя адценні, размяжоўвае мнагазначныя словы і амонімы. Але ў ім не выкарыстана сістэма граматычных і стылёвых памет, сустракаюцца адхіленні ад фанетычнага прынцыпу напісання рэестравых слоў. “Смаленскі абласны слоўнік” - грунтоўная праца ў галіне гістарычнай і дыялектнай лексікаграфіі, у якой зберагаецца народная лексіка Смаленшчыны і Усходняй Беларусі, самая буйная лексікаграфічная крыніца пасля “Словаря белорусского наречия” І.Насовіча.

У сувязі з вывучэннем вусна-гутарковай мовы ў пачатку ХХ ст. нельга абмінуць увагай асобу Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага (1864-1940). А.К.Сержпутоўскі нарадзіўся на Случчыне ў 1864 г.у сялянскай сям'і. Пасля заканчэння народнага вучылішча ў в. Вызна і Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (у 1884 г.) працаваў настаўнікам народных вучылішчаў у школах Мазырскага і Слуцкага паветаў. З 1893 г А.К. Сержпутоўскі працаваў пісарам Мінскага аддзялення сялянскага зямельнага банка; пазней уладкаваўся на працу ў Мінскае паштова-тэлеграфнае ведамства. У 1896 г. ён пераехаў у Пецярбург. Там, працуючы на паштамце, адначасова працягваў вучобу ў Пецярбургскім археалагічным інстытуце і на вышэйшых юрыдычных курсах. З 1906 г. і да выдаду на пенсію ў 1930 г. А.К. Сержпутоўскі працаваў у Рускім музеі на пасадзе рэгістратара этнаграфічнага аддзела. Памёр у 1940 г.

Уся працоўная дзейнасць А.К. Сержпутоўскага звязана з даследаваннем побыту, культуры і мовы беларускага народа. Асноўная ўвага была накіравана на вывучэнне роднага Палесся. Менавіта палесская тэма яднае і характарызуе дарэвалюцыйны перыяд яго дзейнасці. Працуючы настаўнікам у глухіх вёсках Палесся, А.К. Сержпутоўскі меў добрую магчымасць вывучаць побыт і культуру беларусаў-палешукоў. Спачатку яго дзейнасць мела аматарскі характар, але паступова пашыраючы і паглыбляючы кола сваіх інтарэсаў, А.К. Сержпутоўскі становіцца прафесійным этнографам, фалькларыстам і мовазнаўцам.

Нягледзячы на напружаную працу ў Этнаграфічным аддзеле Рускага музея, у 1906 годзе ён двойчы наладжваў экспедыцыі ў паўднёвую частку Мінскай губерніі (Слуцкі і Мазарскі паветы). Вынікі гэтых экспедыцый даследчык выклаў у працы “Беларусы-палешукі (Этнаграфічны нарыс). Пабудовы, заняткі і павер'і сялян паўночнай палавіны Мазырскага і паўднёвай часткі Слуцкага паветаў Мінскай губерніі (38 чарцяжоў і рысункаў)”, якая не была надрукавана і засталася ў рукапісе. Экспедыцыі на Беларусь А.К. Сержпутоўскі ажыццяўляў яшчэ ў 1907, 1910, 1912, 1914 гадах.

Нягледзячы на тое, што ў 1907 -1917 гг. па даручэнню Этнаграфічнага аддзела Рускага музея А.К. Сержпутоўскі правёў 13 экспедыцый на іншыя тэрыторыі з мэтай вывучэння побыту літоўцаў, палякаў, украінцаў, рускіх, татар і народаў Каўказа, асноўным аб'ектам яго даследаванняў заставалася роднае беларускае Палессе.

У 1910 г. з'явілася праца А.К. Сержпутоўскага “Земляробчыя прылады беларускага Палесся”, дзе, як відаць з назвы, апісваюцца сельскагаспадарчыя прылады працы, падрабязна характарызуецца іх канструкцыя і спосабы выкарыстання, а таксама прасочваецца гісторыя іх узнікнення і развіцця. Асобныя працы А.К. Сержпутоўскі прысвяціў апісанню промыслаў і рамёстваў, якімі былі вымушаны займацца сяляне, каб здабываць дадатковыя сродкі для існавання, бо балоцістая і пясчаная глеба давала дрэнны ўраджай і не задавальняла патрэбы людзей. Праца “Бортніцтва ў Беларусі” прысвечана падрабязнаму апісанню бортніцтва - аднаго са старажытных заняткаў беларусаў-палешукоў. У нарысе “Лоўля ўюноў” паказана невыносна цяжкая, але жыццёва неабходная праца рыбакоў-палешукоў.

А.К. Сержпутоўскі шмат зрабіў для развіцця беларускай фалькларыстыкі і мовазнаўства. З вялікай любоўю да радзімы і свайго народа ён ашчадна збіраў народную мудрасць і запісваў мастацкае слова, вывучаў гаворку сялян роднага яму беларускага Палесся. Сабраныя вусна-паэтычныя творы беларускага народа часткова апублікаваны ў зборніках і іншых выданнях: “Сказки и рассказы белорусов-полешуков Материалы по изучению творчества белорусов и их говора” (Спб, 1911); “Казкі і апавяданні беларусаў Слуцкага павета. Матэрыялы да вывучэння беларускай мовы, этнаграфіі і літаратуры” (Л., 1926); “Отчет о поездке в Гомельскую губернию в 1926 году” (Мінск, 1926); “Грамматический очерк белорусского наречия дер. Чудино Слуцкого уезда Минской губернии” (Спб, 1911). Ім былі падрыхтаваны да друку зборнік беларускіх прыказак і прымавак, зборнік “Песні Магілёўшчыны”, які не захаваўся. На жаль, загінула і самая вялікая праца вучонага - “Быт беларусаў”.

Адной з апошніх убачыла свет праца А.К. Сержпутоўскага “Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў” (Мінск, 1930). Як пазначана ў прадмове, запісы для яе рабіліся на працягу амаль 40 гадоў на паўднёвай Случчыне, пераважна ў адным пункце - вёсцы Чудзіна. Занатоўваючы фальклорны матэрыял, аўтар звяртаў увагу і на мясцовае вымаўленне, пра што гаворыцца ў прадмове: “Запісаў так, як чуў ад людзей, і стараўся, як толькі можна, запісваць тымі словамі і выразамі, якімі мне гаварылі”. Праца складаецца з пяці частак: І. Прырода, ІІ. Чалавек, ІІІ. Заняцці, ІV. Звычай, V. Вера.

Значнае месца ў яго даследчай дзейнасці займала мовазнаўчая тэматыка. У працы “Граматычны нарыс беларускай гаворкі вёскі Чудзіна, Слуцкага павета Мінскай губерні” (1911) А.Сержпутоўскі на аснове матэрыялаў, сабраных падчас экспедыцый 1906-1907 гг., а таксама назіранняў больш ранняга перыяду, зрабіў усебаковае апісанне важнейшых асаблівасцей гаворкі вёскі ў адпаведнасці з праграмай пад рэдакцыяй Я.Карскага, выдадзенай Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці АН. Нарыс пачынаецца ўступам з геаграфічнымі і этнаграфічнымі звесткамі пра вёску Чудзін, затым ідуць раздзелы, прысвечаныя фанетыцы, словаўтварэнню, марфалогіі, сінтаксісу і лексіцы мовы яе жыхароў. Багаццем фактычнага матэрыялу вызначаецца раздзел “Матэрыялы для слоўніка”. У ім больш за 2 з паловай тысячы слоў і фразеалагізмаў, аб'яднаных у 35 семантычных груп. Матэрыял пададзены без тлумачэння значэння.

Збіраннем лексікі А.Сержпутоўскі займаўся ўсё жыццё. Ён склаў два слоўнікі народнай мовы. Першы слоўнік сам аўтар кваліфікаваў як дадатак да “Зборніка беларускіх прыказак і прымавак”. За гэтыя дзве працы, прадстаўленыя Рускаму геаграфічнаму таварыству, даследчык быў узнагароджаны Малым залатым медалём. Рукапіс слоўніка, на жаль, не захаваўся. Пра яго памер, характар, лінгвістычныя вартасці можна меркаваць толькі па водгуку Дз.К.Зяленіна. Рукапіс займаў 158 старонак вылікага фармату і змяшчаў каля 4 тыс. слоў. Дз.Зяленін лічыў, што гэта не дадатак да “Зборніка прыказак і прымавак”, а самастойная праца. Значэнні слоў раскрыты пры дапамозе рускіх адпаведнікаў і апісальна. Дз. Зяленін ухваляў вельмі дакладны запіс прыказак, прымавак і слоў з поўным захаваннем усіх фанетычных і граматычных асаблівасцей мясцовай гаворкі і раіў аўтару зрабіць больш поўны слоўнік, уключыўшы матэрыял з прыказак і прымавак. Страчана была і другая лексікаграфічная праца А.Сержпутоўскага - “Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы”. Вядома, што гэты слоўнік быў завершаны ў канцы 1918 г. і перададзены ў Аддзяленне рускай мовы і славеснасці АН СССР, якое прыняло пастанову аб яго выданні пад рэд. Я.Карскага. Магчыма, праца была пераслана Інбелкульту і загінула ў Вялікую Айчынную вайну.

У савецкі час А.Сержпутоўскі працягваў экспедыцыі па Беларусі, збіраў мясцовую лексіку і перадаваў яе слоўнікавай камісіі Інбелкульта, якая ў 1927 г. адзначыла яго грашовай узнагародай за 1357 слоў-картак высокай якасці.

У 1918 г. А.Сержпутоўскі выступіў на старонках часопіса “Чырвоны шлях” з артыкулам “Да пытання пра беларускую арфаграфію”, дзе звярнуў увагу лінгвістаў на неабходнасць навуковай распрацоўкі і прыняцця адзіных і абавязковых для ўсіх правапісных правілаў. У 1926 г. А.Сержпутоўскі ўдзельнічаў у рабоце Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, быў членам 2-х яе камісій - графічнай і правапіснай. Ён быў прыхільнікам увядзення ў беларускі алфавіт асобных літар для абазначэння афрыкат [дз], [дж], паслядоўнікам Б.Тарашкевіча ў правапісе чужаземных слоў.

Сярод ненадрукаваных лексікаграфічных прац трэба адзначыць беларуска-польска-рускі слоўнік Я.Ціхінскага. Аўтар працаваў над слоўнікам 40 гадоў свайго жыцця. Я.Ціхінскі зарэгістраваў 200 тыс. слоў і іх варыянтаў. Слоўнік змяшчаў беларускую лексіку ўсіх слаёў грамадства, пераважае лексіка Магілёўшчыны - радзімы аўтара. Словы падаюцца лацінскімі літарамі, зрэдку падаецца транскрыпцыя кірыліцай. У 1920 г. слоўнік збіраліся надрукаваць у 16 тамах. Падчас Вялікай Айчыннай вайны праца загінула. Зараз вядома толькі яе частка (каля 125 тыс. слоў).

У архівах знойдзена і такая лексікаграфічная праца як “Рукапіс Апанаса Вінцэсева Ярушэвіча №2. Расейска-беларускі слоўнік”. Яго аўтар - А.В.Ярушэвіч - у дарэвалюцыйныя гады працаваў дырэктарам Маладзечанскай семінарыі і займаўся складаннем слоўніка і пытаннямі правапісу беларускай мовы. У рукапісе - больш за 12 тыс. рускіх слоў, змешчаных у алфавітным парадку. 9505 слоў маюць беларускія адпаведнікі (пераклад).

Страницы: 1, 2